Нагадаем, што Уладзіміра Малахоўскага затрымалі ў цэнтры Віцебску 13 верасня 2020 году падчас разгону мірнага шэсця. Пры затрыманні яго моцна збілі і зламалі палец. За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі віцябляніна аштрафавалі на 4 базавыя велічыні, але адначасна распачалі ў дачыненні да яго крымінальную справу паводле арт. 364 (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС). Пасля 6 дзён за кратамі Малахоўскага на час следства выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Але ў студзені 2021-га, незадоўга да пачатку судовага разбору, зноў арыштавалі.
На судзе Уладзімір заявіў, што на акцыі ні з кім у бойку не ўступаў, пры затрыманні супраціву міліцыянтам не чыніў. Наадварот, гэта на яго напалі некалькі супрацоўнікаў, і ён, каб не ўпасці, ухапіўся за кагосьці рукамі. У аўтазаку ў яго знайшлі газавы балончык, які супрацоўнік міліцыі тут жа забраў і выпадкова націснуў на яго. Калі пырснуў газ, міліцыянт пачаў крычаць, што яго хочуць атруціць. Вінаватым сябе Уладзімір не прызнаў і заявіў, што доказы фальсіфікаваныя. Суддзя Таццяна Родзіна гэтыя сведчанні, па сутнасці, праігнаравала. Вырак: тры з паловай гады калоніі.
«Сядзіць у кайданках на ланцугу і са мной размаўляе»
Ірына, жонка палітвязня, за час знаходжання яго ў СІЗА змагла атрымаць спатканне з мужам 5 разоў. Дваіх няпоўнагадовых дзяцей на спатканні з татам не пусцілі. Паводле адміністрацыі, гэта не дазволена.
«Ён на ланцугу там! Кажа, артыкул такі. Сядзіць у кайданках на ланцугу і са мной праз трубку размаўляе. На ланцугу, разумееце? І ў кайданках. Наагул, гэта як? Як быццам ён уцячы можа кудысьці!» – абураецца Ірына.
Вазілі на абследаванне ў шпіталь
Па яе словах, Уладзімір прайшоў курсы хіміятэрапіі, і яму неабходна пастаянна прымаць розныя лекі і рэгулярна праходзіць медычны агляд. Ірына напісала ліст у дэпартамент выканання пакаранняў з просьбай, каб яго накіравалі на абследаванне ў анкацэнтр. Да просьбы прыслухаліся: 14 красавіка Уладзіміра адвозілі ў анкалагічны цэнтр.
«Мы прыехалі з сястрой а 12-й гадзіне, бо ў яго талон быў на гэты час, і там ён павінен быў быць. Але яны яго зранку прывезлі вакольнымі шляхамі, каб ніхто не бачыў яго. На ланцугу яго там вадзілі, ён мне потым пра гэта напісаў», – падзялілася Ірына.
Накіроўваюць на МРЭК
Жонка вельмі турбуецца, што ўмовы ўтрымання ў ізалятары могуць пагоршыць стан здароўя яе мужа. З яе слоў, у яго пастаянна нямеюць рукі і ногі. «Там нельга ляжаць, адразу стукаюць палкай у дзверы, не даюць прылегчы», – абураецца Ірына Малахоўская.
Апроч таго, у камеры, у якой знаходзіцца восем чалавек, увесь час паляць, Уладзімір перахварэў нядаўна на бранхіт і моцна кашляе.
Жонка палітвязня расказвае, што Уладзімір атрымлівае шмат лістоў падтрымкі з волі – ад розных людзей з усіх куткоў Беларусі. Але адказаць усім не паспявае. Сама Ірына атрымала за ўвесь час ад мужа каля 15 лістоў.
Ірына кажа, што неўзабаве Уладзіміра мусяць накіраваць на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію (МРЭК). Жонка мяркуе, што яму хочуць перагледзець групу інваліднасці і пазбавіць пенсіі. У гэтым выпадку з грашыма стане зусім цяжка. Заробак самой Ірыны – усяго 370 рублёў. Трэба глядзець за дзецьмі, купляць лекі для мужа і харчы для перадач. Апроч таго, трэба выплачваць 3000 рублёў кампенсацыі «пацярпелым» міліцыянтам
Падтрымайма жонку палітвязня!
Ірына Малахоўская не вельмі верыць у тое, што Віцебскі абласны суд зменіць прысуд, але надзеі і сілы духу не губляе.
Скаргу Уладзіміра Малахоўскага Віцебскі абласны суд будзе разглядаць 25 траўня (пачатак у 12.30). Заклікаем выказаць салідарнасць і падтрымаць жонку палітвязня.
Кантакты для сувязі з Ірынай Малахоўскай маюцца ў рэдакцыі «Віцебскай Вясны». Пішыце нам паведамленні на старонцы ў Фэйсбуку.
Уладзімір Бяляўскі