Ад пачатку 2021 году раённымі судамі Віцебскай вобласці 29 тэлеграм-чатаў, груп і каналаў пратэставага зместу былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Аднак на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі не пазначана, за якія канкрэтныя публікацыі суддзі вынеслі рашэнні аб прызнанні таго ці іншага матэрыялу экстрэмісцкім.

На інтэрнэт-платформе petition.by 23 кастрычніка была размешчаная петыцыя з просьбай правесці праверку ў дачыненні да афіцыйнай газеты Чашніцкага райвыканкаму «Чырвоны прамень». Ініцыятары лічаць, што супрацоўнікі рэдакцыі распаўсюджваюць інфармацыйную прадукцыю, якая ўключаная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Петыцыю маюць даслаць 1 лістапада ў пракуратуру Віцебскай вобласці і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ ў верасні 2021 году праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з заявай аб нелегальнай міграцыі замежных грамадзян у напрамку краін Еўрапейскага Саюзу. Але ні ў Генпракуратуры, ні ў пагранкамітэце існую сітуацыю на дзяржаўнай граніцы не разглядаюць у межах дзейнага крымінальнага заканадаўства.

З другой паловы кастрычніка ў Віцебску пачаў працаваць «COVID-патруль», у межах якога валанцёры БРСМ публічна нагадваюць жыхарам гораду аб важных мерах прафілактыкі каранавірусной інфекцыі. Але, па прызнанні ўдзельнікаў акцыі, сярод іх практычна адсутнічаюць прышчэпленыя ад гэтай хваробы.

Міліцыя працягвае паведамляць пра затрыманні і завядзенні крымінальных справаў у дачыненні грамадзян, якія нібыта прынізілі гонар і годнасць чыноўнікаў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў. Такіх «ідэнтыфікаваных» людзей у Віцебскай вобласці даволі шмат, што сведчыць аб тым, што пратэставыя настроі ў грамадстве нікуды не зніклі і не знікнуць у бліжэйшы час.

22 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да 39-гадовага супрацоўніка транспартнай інспекцыі Юрыя Шылько. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – пікетаванні (ч.1 арт. 24.23 КаАП). Інспектара затрымалі падчас нясення службы – трое сутак ён правёў за кратамі. Прычынай затрымання сталася пратэставая налепка на бамперы ягонага аўто. На судзе Юрый Шылько заявіў, што гэта была правакацыя...

13 кастрычніка на полацкага старшыню кантрольна-рэвізійнай камісіі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Віктара Стукава супрацоўнік Полацкага РАУС Віктар Кураш склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. На думку міліцыі, Стукаў распаўсюджваў у інтэрнэце экстрэмісцкія матэрыялы. Абвінавачанні яму выставілі завочна, бо меркаваны правапарушальнік у аддзяленне міліцыі для складання пратаколу не прыйшоў.

У судзе Віцебскага раёну 21 кастрычніка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні 63-гадовага мясцовага прадпрымальніка Уладзіміра Мунякіна, вядомага сваімі напаўфантастычнымі пражэктамі. Яго абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры (ч.4 арт. 209 КК). Па версіі следства, Мунякін прысабечыў больш за 147 тысяч рублёў грамадзян. Але зацікавіліся ім толькі пасля палітычных заяваў. Цяпер яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Выйшаў на волю палітвязень Дзмітры Фурманаў, які праходзіў у «справе Ціханоўскага». Палітвязень вызваліўся з папраўчай калоніі №3, якая знаходзіцца ў пасёлку Віцьба Віцебскага раёну. Ён быў затрыманы ў канцы траўня 2020 году ў Горадні і асуджаны да двух гадоў калоніі. У тэрмін адбывання пакарання быў залічаны час, праведзены ў СІЗА, перадае Радыё Свабода.

Лёс асуджанага да вышэйшай меры пакарання Віктара Паўлава, ад якога больш за 6 месяцаў няма ніякіх звестак, пакуль застаецца нявысветленым. Першы намеснік начальніка Дэпартаменту па выкананні пакаранняў МУС РБ Іван Мысліцкі ўхіліўся адказаць па сутнасці на заяву праваабаронцы Паўла Левінава аб знікненні асуджанага да расстрэлу.