Прычыну адмовы пачаць пошук без вестак зніклага Віктара Паўлава патлумачылі так: грамадзяне рэалізуюць права на зварот у дзяржаўныя органы асабіста або праз сваіх прадстаўнікоў. На думку міліцэйскага дэпартаменту, Павел Левінаў мусіў быў узяць даверанасць, каб прадстаўляць інтарэсы зніклага, і толькі пасля гэтага звярнуцца ў праваахоўныя органы з заявай аб знікненні чалавека.
«Згодна з патрабаваннямі артыкулу 12 Закону, да пісьмовых зваротаў прыкладаюцца дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы асобаў, якія звяртаюцца ад імя іншых грамадзян. Дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы прадстаўляць інтарэсы асуджанага Паўлава В.А., не прыкладзеныя», - паведаміў першы намеснік начальніка ДВП МУС РБ Іван Мысліцкі праваабаронцу.
Павел Левінаў чакаў такога павароту падзей. Цяпер ён шукае прававыя магчымасці і працэсуальныя працэдуры, каб дагрукацца да чыноўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў краіны і канчаткова высветліць лёс асуджанага да расстрэлу Віктара Паўлава.
Віталь Кажух