Справу інспектара разбіраў суддзя Уладзімір Царыкаў.
Паводле пратаколу, супрацоўнік інспекцыі Юрый Шылько 30 верасня 2021 году «ўзяў удзел у масавым мерапрыемстве – пікетаванні, без адпаведнага дазволу адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску, што выявілася ў дэманстрацыі для няпэўнага кола асобаў выявы «сэрца, кулака і двух пальцаў рукі, накіраваных угору» на заднім бамперы аўтамабіля, які належыць яму – з мэтай публічнага выказвання сваіх поглядаў на падзеі грамадска-палітычнага жыцця».
«Якая пазіцыя? Якія масавыя мерапрыемствы?..»
На судзе Шылько заявіў, што падчас нясення службы яму патэлефанаваў супрацоўнік стаянкі і паведаміў, што на ягонай машыне пашкоджанае кола, прасіў пад'ехаць. Калі прыехаў на стаянку на вуліцы Панкова, яго там чакаў супрацоўнік міліцыі і папрасіў праехаць у Кастрычніцкі РАУС. Паводле словаў Шылько, ён нават не здагадваўся, навошта яго выклікаюць. Толькі прыехаўшы ў аддзяленне, зразумеў, у чым справа.
«Падышоў оперупаўнаважаны і кажа: а што гэта вы ўдзельнічаеце ў масавых мерапрыемствах, выказваеце сваю пазіцыю? Я кажу: якія яшчэ масавыя мерапрыемствы? У мяне яшчэ працоўны дзень. Якая пазіцыя? Якія масавыя мерапрыемствы? І ён падвёў мяне да задняй часткі бампера...» – успамінае інспектар.
У Кастрычніцкім РАУСе яго затрымалі. У машыне быў праведзены ператрус. Паводле словаў абвінавачанага – без панятых, што, на ягоную думку, было грубым парушэннем. Потым 30 гадзін Шылько правёў у міліцэйскім «стакане» – без ежы і сну. А пасля гэтага быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ).
Хто наляпіў налепку
Адвакат запытаўся ў супрацоўніка Кастрычніцкага РАУС Віталя Праліча, які прысутнічаў на працэсе, навошта трэба было затрымліваць чалавека, які быў на службе і ў форменнай вопратцы. «Санкцыя артыкулу прадугледжвае адміністрацыйны арышт, таму ўсе асобы па гэтым артыкуле затрымліваюцца на 72 гадзіны», – патлумачыў Праліч.
Юрый Шылько заявіў на судзе, што налепка была, хутчэй за ўсё, прыклееная напярэдадні затрымання ўначы на паркоўцы каля гандлёвага цэнтру «Green», дзе ён звычайна пакідае машыну. І выказаў здагадку, што гэта мог зрабіць хто-небудзь з дальнабойнікаў, якіх ён часта штрафуе на вялікія сумы. Альбо – іншы супрацоўнік транспартнай інспекцыі, прозвішча якога назваць адмовіўся. Сам жа ён ніколі такога рабіць не стаў бы, бо «далёкі ад палітыкі».
На працэсе выступілі 5 сведак – бацькі Шылько і трое супрацоўнікаў транспартнай інспекцыі. Усе яны пацвердзілі, што Юрый ніколі не выказваў ніякіх палітычных поглядаў і не мог учыніць такое правапарушэнне.
«Адзін з лепшых па выпісванні штрафаў»
«Ніводнага разу не чуў, каб хто-небудзь з супрацоўнікаў абураўся і быў незадаволены палітыкай дзяржавы. Калі б так было, то я б, натуральна, зрабіў адпаведныя захады», – сказаў на судзе начальнік упраўлення кантролю аўтамабільнага транспарту Сяргей Глушчук. Патлумачыў, што сам ён кадравы вайсковец у запасе, быў старшынём каардынацыйнай рады грамадскіх абʼяднанняў і палітычных партыі пры аблвыканкаме і «займае актыўную пазіцыю, накіраваную на кансалідацыю грамадства і канструктывізм». Заявіў таксама, што мае «дастатковы досвед выяўлення і спынення дэструктыўных элементаў на тэрыторыі дзяржавы». Таму, маўляў, калі б з боку Шылько былі хоць якія «намеры», то ён бы ўжо ў іх не працаваў.
Глушчук расхвальваў падначаленага і казаў, што той зʼяўляецца «адным з лепшых па выпісванні штрафаў». «Ён штомесяц недзе каля трох-чатырох тысяч прыносіць у даход дзяржаве. Я яго стаўлю ў прыклад іншым супрацоўнікам. Калі б усе так працавалі, то мы б перавыконвалі план па ўсіх паказніках», – казаў начальнік.
Яшчэ адзін супрацоўнік інспекцыі падтрымаў версію Шылько аб тым, што налепку яму мог наклеіць калега па працы. Паводле яго слоў, атмасфера ў калектыве не вельмі добрая: шмат зайздроснікаў, канфліктныя сітуацыі, маюць месца розныя «ананімкі». Між тым, абвінавачанага якраз збіраюцца павысіць.
Бацька Шылько расказаў, што хадзіў у «Green», дзе на паркоўцы стаяў аўтамабіль сына, і папрасіў паказаць запісы з відэакамер. Паводле яго, на запісах відаць, што, калі Юрый заязджаў увечары на паркоўку, налепкі на машыне не было, а ўжо раніцай на бамперы «праглядалася нейкая пляма». Што здарылася ўначы, устанавіць немагчыма, бо на ноч там адключаюць святло.
Царыкаў скасаваў справу
Выслухаўшы сведкаў і вывучыўшы матэрыялы справы, суддзя Уладзімір Царыкаў прыйшоў да высновы, што ў ёй не маецца якіх-небудзь доказаў таго, што менавіта Шылько наляпіў гэтую налепку.
Суддзя пастанавіў справу спыніць праз адсутнасць доказаў віны інспектара.
Аўтамабіль Шылько на момант суду знаходзіўся яшчэ ў міліцыі. Высветлілася, дарэчы, што транспартны інспектар ездзіў без тэхагляду...
Гэта зусім не першы выпадак, калі людзей судзяць за налепкі на машынах. Але, як правіла, суд у такіх выпадках выносіць абвінаваўчыя рашэння. Гэтак, 6 верасня ў Наваполацку суд аштрафаваў на 100 базавых велічынь прафсаюзнага лідара з «Нафтану» Вадзіма Міхайлава – за налепку з Пагоняй на багажніку аўто. Ён таксама не прызнаў сваёй віны. Але пракурору і гэтага паказалася мала – і ён праз абласны суд адмяніў гэтае рашэнне: справу накіравалі на новы разгляд.
Ці будзе апратэставанае рашэнне Царыкава ў справе інспектара Шылько – невядома.
Уладзімір Бяляўскі