У суботу 1 лютага віцебскі блогер Аляксандар Дуброўскіх быў вызвалены зь ізалятару часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе адбываў 15 сутак. Ужо на волі, ён расказаў, што «суткамі» яго пакаралі за вядро з касьцямі, якое ён кінуў пад ногі судзьдзі Белавуса ў ягоным жа кабінэце. За некалькі дзён да гэтага менавіта Белавус аштрафаваў блогера на 30 б.в. за ўдзел у менскіх акцыях супраць інтэграцыі.

У 2019 годзе ў органах пракуратуры Віцебскай вобласьці было разьвязана больш за 5000 зваротаў грамадзян. З гэтай колькасьці цалкам ці часткова было задаволена 27% зваротаў, паведамляе арганізацыйна-кантрольны аддзел пракуратуры Віцебскай вобласьці.

Прадпрымальнік і ўласьнік былой сядзібы батаніка Адамава Максім Жукаў прасіў надаць імя славутага навукоўцы адзінай у Вялікіх Лётцах вуліцы, якая зараз завецца Савецкай. Мясцовыя ўлады адказалі адмовай: маўляў, і жыхары, і дэпутаты супраць перайменаваньня, прычым – «адзінагалосна»…

У Віцебску 30 студзеня прайшлі апошнія суды над удзельнікамі пікету на плошчы Перамогі 29 сьнежня. Суд Чыгуначнага раёну Віцебску пакараў Аляксея Прохарава штрафам у памеры 50 базавых велічынь, Тацяну Севярынец аштрафавалі на 20 базавых. Абодва прызнаныя парушальнікамі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Алесь Круткін быў 28 студзеня асуджаны на 15 сутак Полацкім судом. Гэтак яго пакаралі за ўдзел у мірных акцыях у абарону незалежнасьці краіны, якія праходзілі ў Менску ў сьнежні 2019 году. Суд над актывістам прайшоў у закрытым рэжыме, паведамляе «Эўрапейская Беларусь».

28 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Натальлю Сьпірыдонаву аштрафавалі на 25 базавых велічынь за ўдзел у сьнежаньскім антыінтэграцыйным пікеце на плошчы Перамогі. У гэты ж дзень у судзе Кастрычніцкага раёну яна разам з полацкім актывістам Аляксандрам Круткіным стала фігуранткай іншай адміністрацыйнай справы.

Толькі на тэрыторыі Віцебску ў 2019 годзе было зафіксавана 5 выпадкаў сьмерці ад перадазаваньня наркатычнымі сродкамі, паведамілі ў пракуратуры Віцебскай вобласьці. Адзначаецца, што пазалетась, у 2018 годзе, сьмерцяў з прычыны ўжываньня наркотыкаў наогул не рэгістраваліся.

У Полацку і Наваполацку праходзяць суды над удзельнікамі акцыі за незалежнасьць Беларусі. 4-га студзеня паўтара дзясятка актывістаў сфатаграфаваліся каля Сафійскага сабору, склаўшы з раздрукаваных на паперы літар слова «Незалежнасьць». Некалькі чалавек трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

24 студзеня ў Віцебску адбыліся два адміністрацыйныя працэсы над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасьці Беларусі. Суд Чыгуначнага раёну на 25 базавых велічынь аштрафаваў віцябляніна Аляксандра Якушкова, а Віцебскі раённы суд пакараў штрафам у памеры 30 базавых Алену Янушкоўскую.

23 студзеня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску судзьдзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў грамадзкіх актывістак Натальлю Сьпірыдонаву на 25 базавых велічынь, а Тацяну Севярынец – на 30. У той жа час у судзе Віцебскага раёну Міхаіл Зубеня прысудзіў Алене Янушкоўскай 25 б.в. Усіх трох зьвінавацілі паводле ч.1, арт. 23.34 КаАП.