Серада, 10 Красавік 2024

У Віцебску расце клон «Таполі Перамогі». Гісторыкі мяркуюць, што гісторыя дрэва – фэйк

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

2 красавіка, у Дзень адзінства народаў Беларусі і Расіі на тэрыторыі віцебскага батанічнага сада пасадзілі саджанец (некаторыя СМІ ўжылі слова «клон») таполі, якая расце ў Валгаградзе і нібыта перажыла Сталінградскую бітву. Валгаградскія краязнаўцы, між тым, так і не прыйшлі да аднагалоснай высновы, ці насамрэч дрэва цэнтральнай плошчы горада з'явілася там яшчэ да вайны. У віцяблян пытанне іншае: чаму дрэвы на гарадской Плошчы Перамогі знішчалі без шкадобы, хаця яны таксама ўвасаблялі памяць пра Вялікую Айчынную вайну.

Валгаградскія краязнаўцы спрачаюцца: адкуль узялася таполя на плошчы і ці насамрэч ёй больш за 100 год, як цвердзяць асобныя крыніцы. Паводле легенды, таполя не была знішчана падчас жорсткай Сталінградскай бітвы, хаця яе ствол быў пасечаны асколкамі, а ў 1944 годзе дрэва зацвіло – і ў гэтым убачылі добры, «пераможны» знак...  Аднак аматары гісторыі горада цвердзяць, што сквер  на плошчы насамрэч быў закладзены ў 1936 г, аднак таполяў там не садзілі – толькі каштаны, платаны, ясені і сосны. Усе гэтыя дрэвы ў часе вайны былі знішчаныя, а пасля перамогіў скверы высадзілі новыя дрэвы. Прычым, паводле планіроўкі сквера 1957г. На тым месца, дзе сёння расце «Таполя Перамогі», была пешаходная дарожка.

Паводле версіі шэрагу краязнаўцаў, на гэтай дарожцы з выпадкова занесенага ветрам насення сапраўды магла ўзысці таполя, але адбылося гэта ўжо пасля 1943г. Гэтая версія грунтуецца на фотаздымках ваеннага часу, па якіх відаць, што ніводнага дрэва ў былым скверы не засталося. Маладое дрэва на пешаходнай дарожцы вырашыў пакінуць архітэктар Я.І.Левітан, які распрацоўваў пасляваенны праект рэканструкцыі сквера.

Адмыслоўцы падкрэсліваюць, што па 100 год таполі рэдка калі жывуць, таму выраз «стогадовае дрэва» - метафарычны. Больш за тое, у 2015 г. было зафіксавана, што дрэва гібее: ягоны ствол знутры гніе і ўжо практычна пусты. Годам раней было прынята рашэнне захаваць дрэва-сімвал з дапамогай сучасных тэхналогій – кланаваць таполю з забранага біяматэрыялу, а саджанцы рассадзіць у іншых мясцінах падчас адмысловай акцыі «Таполя Перамогі»

 На цяперашні момант існуе цэлы пітомнік, дзе вырошчваюць кланаваныя саджанцы. У 2017 годзе 17 саджанцыў былі васаджаны ў іншых рэгіёнах Расіі, у 2018 годзе – яшчэ 15... Сёлета на выстаўцы-форума «Расія» ВДНГ адбылася цырымонія перадачы клонаў валгаградскай таполі ў Санкт-Пецярбург, Севастопаль, Курск і Віцебск.

Такім чынам кланаванае дрэва трапіла ў віцебскі Батанічны сад, дзе пра яго будуць клапаціцца адмыслоўцы. З гэтай нагоды зладзілі ўрачыстую цырымонію: таполю саджалі віцебскія чыноўнікі, дэпутаты і ідэолагі ў прысутнасці моладзі з БРСМ. Тут  жа быў арганізаваны канцэрт.

Разважаючы пра лёс новага гадаванца, многія віцябляне прыгадваюць, як у 2008 годзе дрэвы, якія раслі на Плошчы Перамогі, былі літаральна выдраныя з каранямі і таксама перавезены ў Батанічны сад і парк Мазурына. Ніводная з тых раслін, на месцы якіх зараз толькі суцэльная брукаванка, так і не выжыла. І гэта не папрок навукоўцам ці адмыслоўцам – гэта згадка пра бяздумнае рашэнне кіраўніцтва вобласці правесці рэканструкцыю плошчы, у выніку якой застаўся «лысы пляц». Між тым, на Плошчы Перамогі былі высаджаныя не выпадковыя дрэвы і кустарнікі – іх прывозілі з розных куткоў Савецкага Саюзу ў памяць пра загінулых на мінулай вайне. Побач раслі пірамідальная таполя, блакітныя елкі, рэдкія гатункі вярбы і бэзу і нездічоная колькасць ружаў.  Вось тут бы і займацца патрыятычным выхаваннем, распавядаючы пра несмяротны подзвіг савецкага народа, як напісана на бліжэйшай да плошчы дзевяціпавярхоўцы. Тут якраз і варта было ўзяць прыклад з захавальнікаў валгаградскай таполі, якая, можа, і з'явілася ў пасляваенны час, але ператварылася ў сімвал памяці. Яе шануюць і клануюць. А ў Віцебску на Плошчы Перамогі – пуста, і нават для саджанца «Таполі Перамогі» не знайшлося месца.

Лідзія Іўкіна