«17 студзеня мне стала цяжка на душы. І я падумаў, што трэба пайсьці ў суд і выказаць ім усё, што я пра іх думаю. Я ўзяў з сабой вядро, косьці для сабак і пайшоў. Прыйшоў да гэтага судзьдзі і сказаў, што ненавіджу яго за тое, што ён займаецца штампаваньнем гэтых прысудаў. «Гэта вам падарунак», – кажу. І кінуў гэтыя косьці яму пад ногі», – расказаў Дуброўскіх.
Віцяблянін патлумачыў, што гэтым учынкам хацеў выказаць пагарду «да гэтых людзей-робатаў, якія штампуюць прысуды».
Менавіта «за косьці для судзьдзі Белавуса» суд Віцебскага раёну пакараў яго 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, прыпісаўшы «хуліганку» і «нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы». Сам Дуброўскіх сьцьвярджае, што ў кабінэце Белавуса не лаяўся, а «праклінаў культурна».
Судзьдзя Ільля Белавус
Што да рэжыму ўтрыманьня ў ІЧУ, блогер прызнаўся па вызваленьні, што адчуў там сябе «расчляніцелем трупаў», бо толькі да «расчляніцеляў трупаў можна ставіцца так бесчалавечна».
Пакараны агулам на 90 базавых штрафу
Таксама стала вядома, што падчас адбываньня «сутак» Дуброўскіх яшчэ два разы судзілі за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй (арт. 23.34 КаАП).
20 студзеня суд Кастрычніцкага раёна Віцебску аштрафаваў яго на 30 базавых велічынь за ўдзел у менскай акцыі 21 сьнежня (судзьдзя Іна Грабоўская). А 29 студзеня у судзе Чыгуначнага раёну Дуброўскага аштрафавалі на такую ж суму за ўдзел у віцебскім пікеце 29 сьнежня.
Аляксандар Дуброўскіх падчас віцебскай акцыі 29 сьнежня
Такім чынам, разам са штрафам, прысуджаным Белавусам, Аляксандар Дуброўскіх аштрафаваны агулам на 90 базавых велічынь (2430 рублёў) за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасьці і 15 суткамі – за акцыю «з касьцямі для судзьдзі».
Зьміцер Міраш