03.05.2024 Тэгі: палітвязні, свабода слова, салідарнасць  У Сусветны дзень свабоды прэсы трэцяга траўня беларускія журналісты разам з калегамі з Літвы правялі ў у Вільні акцыю салідарнасці, каб нагадаць пра зняволеных калег у Беларусі і распавесці аб праблемах журналістаў ва ўсім свеце.

Акцыя “Трымаемся праўды, трымаемся разам!” праходзіць у Літве не першы год, а праблемы са свабодай слова ў Беларусі застаюцца пакуль яшчэ вялікімі. На гэты раз журналісты сабраліся ва ўнутраным двары былой царскай турмы “Лукішкі". 

Беларусь, па-ранейшаму, застаецца самай небяспечнай краінай для журналістаў у Еўропе. Рэжым Лукашэнкі трымае ў турмах 35 прадстаўнікоў медыя. І гэта лічба толькі тых журналістаў, пра якіх сёння вядома публічна.

Нават пасля трох гадоў з моманту гвалтоўнага падаўлення пратэстаў улады Беларусі працягваюць жорстка караць журналістаў і блогераў. Сумарны тэрмін прысудаў, вынесеных беларускім журналістам летась, склаў амаль 100 гадоў пазбаўлення волі. Сёлета ўлады працягнулі затрымліваць і судзіць журналістаў.

У Сусветны дзень свабоды прэсы Беларуская асацыяцыя журналістаў і Саюз журналістаў Літвы яшчэ раз заклікалі увесь свет устаць на абарону журналістаў і далучыцца да Марафону салідарнасці з імі.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, выступаючы на брыфінгу адзначыў:

smi-aktion-2024-3.jpg
Андрэй Бастунец

“Нягледзячы на тое, што зараз мы не можам дасягнуць нашай галоўнай мэты – вызвалення ўсіх калег, мы можам нагадваць пра Беларусь, пра беларускіх журналістаў за кратамі, пра палітвязняў.

Сёння “Рэпарцёры без межаў” апублікавалі чарговы “Індэкс свабоды СМІ ў свеце”, у якім Беларусь страціла яшчэ дзесяць пазіцый, хаця і так знаходзілася на вельмі нізкім месцы. Зараз мы на 167 месцы з 180 краін, якія трапілі ў Індэкс. Горш за нас на постсавецкай прасторытолькі Туркменістан, а нашымі суседзямі ў рэйтынгу з’яўляюцца Сірыя і Эрытрэя. Гэта красамоўна сведчыць пра тую сітуацыю, у якой знаходзяцца беларускія медыя сёння. Але я веру, што гэтая сітуацыя зменіцца і дзякуючы, у тым ліку, салідарнасці ўсіх нас і нашых калег – журналістаў Літвы".

Старшыня Літоўскага саюза журналістаў Дайнюс Радзявічус падзякаваў усіх прысутных прадстаўнікоў медыя:

smi-aktion-2024-6.png
Дайнюс Радзявічус і Барыс Гарэцкі

"Дзякуй усім нераўнадушным калегам! Я хачу каб сёння мы гаварылі не пра лічбы – колькі журналістаў за кратамі ў Беларусі, а каб мы паказвалі імёны і твары гэтых людзей, распавядалі пра іх лёс. 

smi-aktion-2024-8.jpg
Леанід Судаленка

Мы павінны нагадваць міжнароднай супольнасці, палітыкам і тым хто прымае рашэнні і першую чаргу гэта Еўрасаюз, каб усе разам мы ціснулі на рэжым, каб тыя, хто займаўся іх пераследам, а гэта пракуроры, суддзі, следчыя, каб кожны з іх адказаў перад правасуддзем у будучым. Бо тое што робіцца – гэта злачынствы супраць чалавечнасці"

Дайнюс Радзявічус прапанаваў усім разам, з партрэтамі зняволеных калег, выйсці за вароты лукішскай турмы, і такім чынам, сімвалічна вызваліць іх з-за кратаў.

Крыніца: “Трымаемся праўды, трымаемся разам!”: акцыя салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі журналістамі адбылася ў Вільні Фота