Субота, 25 Студзень 2020

Пачалі штрафаваць удзельнікаў пікету каля полацкай Сафіі – ужо на 1620 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Пікет у Полацку Пікет у Полацку

У Полацку і Наваполацку праходзяць суды над удзельнікамі акцыі за незалежнасьць Беларусі. 4-га студзеня паўтара дзясятка актывістаў сфатаграфаваліся каля Сафійскага сабору, склаўшы з раздрукаваных на паперы літар слова «Незалежнасьць». Некалькі чалавек трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Фотаздымкі з’явіліся ў сацыяльных сетках, потым на незалежных сайтах, і 14 студзеня міліцыянты пачалі шукаць удзельнікаў акцыі і складаць на іх пратаколы.

Юрыя Касача, Ігара Валяева і Яўгена Парчынскага пакарала штрафамі памерам 10 базавых велічынь (270 рублёў). Іх справы разглядала судзьдзя Зінаіда Балаболава.

Андрэя Зуева аштрафавалі на 30 базавых велічынь (810 рублёў). Судзьдзя Віталь Лапко ўлічыў тое, што Зуеў сёлета ўжо быў пакараны за акцыю з бел-чырвона-белым сьцягам у Дзень Волі.

«Я ганаруся, што я так стаяў! І што за гэта могуць пакараць, таксама ведаў. Але не думаў, што цяпер, калі нам цяжка ўсім, калі нам патрэбна яднацца, яны на гэта пойдуць. А яны пайшлі!» – сказаў пасьля суду жыхар Наваполацку Юры Касач.

Жыхарка Полацку Сьвятлана Аглушэвіч таксама атрымала выклік у суд, але ісьці туды адмовілася.

«Навошта ісьці, калі я не лічу сябе вінаватай? Кожны чалавек мае права на выказваньне свайго меркаваньня. Мы нікога не абразілі, не прынізілі, парадку не парушалі, усё было ціха і мірна. «Незалежнасьць», я лічу, гэта годнае слова. За што тут судзіць, нават ня ведаю», – сказала Сьвятлана Аглушэвіч.

Святлана Аглушэвіч і Вячаслаў Парчынскі будуць чакаць, пакуль судовыя пастановы ім дашлюць па пошце. Астатнія ўдзельнікі акцыі ў падтрымку незалежнасьці Беларусі позваў у суд пакуль не атрымалі.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.