Творчую дзейнасць Віктар Ігнатавіч пачаў у Віцебску на пачатку 1985 года, калі выступіў адным з заснавальнікаў і першым рэжысёрам лялечнай трупы, створанай пры драматычным тэатры імя Якуба Коласа.
Увесь час рэжысёр вёў рэпертуарную палітыку тэатра. Дзякуючы гэтай плённай працы ў афішы ўстановы было 25 спектакляў для дзяцей і дарослых.
Спектаклі, пастаўленыя В.Клімчуком, неаднаразова прымалі ўдзел у айчынных і замежных лялечных фестывалях і станавіліся іх лаўрэатамі.
У 1996 годзе маэстра стаў лаўрэатам прэміі "Сузор'е муз" і атрымаў званне «Чалавек года» у намінацыі "Тэатральная творчасць" за вялікі ўклад у развіццё беларускага лялечнага мастацтва.
У 1998 годзе рэдакцыяй газеты "Культура" сп. Клімчуку было прысвоена спецыяльнае званне "Рыцар тэатра" як самаму яркаму тэатральнаму дзеячу года, а ў 1999 годзе было прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь".
Аб аўтарытэце Віктара Ігнатавіча сведчаць таксама і неаднаразовыя запрашэнні да ўдзелу ў журы міжнародных фестываляў, а таксама ён ажыццяўляў селекцыйную работу па адборы спектакляў на міжнародныя фестывалі.
Вольга Раманоўская