Серада, 27 Лістапад 2019

Віцебскі райвыканкам адказаў на просьбу пераназваць вуліцу Савецкую ў Вялікіх Лётцах

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Максім Жукаў. Фота: facebook.com Максім Жукаў. Фота: facebook.com

Віцебскі райвыканкам адказаў на зварот прадпрымальніка Максіма Жукава, які прасіў перайменаваць вуліцу Савецкую ў Вялікіх Лётцах і надаць ёй імя славутага батаніка Адамава. У адказе сьцвярджаецца, што райвыканкам некампэтэнтны ў гэтым пытаньні – трэба зьвяртацца да дэпутатаў…

Пад электроннай пэтыцыяй за перайменаваньне вуліцы Савецкай у Вялікіх Лётцах падпісаліся каля 300 чалавек. Адказ з райвыканкаму датуецца 22 лістапада.

Намесьнік старшыні Віцебскага райвыканкаму Сяргей Дзьмітрыеў спасылаецца на п.2 арт.20 Закону «Аб найменьнях геаграфічных аб’ектаў», паводле якога перайменаваньне вясковых вуліц уваходзіць у кампэтэнцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў. Закон таксама замацоўвае права грамадзян уносіць прапановы аб перайменаваньні пасьля правядзеньня мясцовага сходу або мясцовага рэфэрэндуму (арт.15).

«Прапановы разглядаюцца мясцовымі Саветамі цягам трох месяцаў ад дня паступленьня», – дадаецца ў адказе.

Чыноўнік тлумачыць у сувязі з гэтым, што пісьмовы зварот можа застацца без разгляду па сутнасьці, бо ўтрымлівае пытаньні, якія не падлягаюць кампэтэнцыі арганізацыі.

«Для вырашэньня пытаньня аб перайменаваньні вуліцы Савецкай у вуліцу Ўладзімера Адамава ў вёсцы Вялікія Лётцы Віцебскага раёну вам неабходна зьвярнуцца з адпаведнай прапановай у Лятчанскі сельскі Савет дэпутатаў», – піша ў адказе намесьнік старшыні Віцебскага райвыканкаму.

Дарэчы, Віцебскі райвыканкам месьціцца ў Віцебску на вуліцы Савецкай Арміі, 3.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.