Пятніца, 24 Студзень 2020

Яшчэ 1485 рублёў штрафаў. У Віцебску працягваюцца суды над абаронцамі незалежнасьці

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Віцебскі пікет 29 сьнежня Віцебскі пікет 29 сьнежня

24 студзеня ў Віцебску адбыліся два адміністрацыйныя працэсы над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасьці Беларусі. Суд Чыгуначнага раёну на 25 базавых велічынь аштрафаваў віцябляніна Аляксандра Якушкова, а Віцебскі раённы суд пакараў штрафам у памеры 30 базавых Алену Янушкоўскую.

Актывістаў пакаралі паводле аднаго і таго ж адміністрацыйнага артыкулу – 23.34 ч.1 (Парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў), але за ўдзел у розных акцыях.

Новы штраф Янушкоўскай

Алену Янушкоўскую судзілі за ўдзел у менскай акцыі пратэсту 21 сьнежня. Справу разглядала судзьдзя Натальля Трацякова. Паводле пратаколу, Янушкоўская «21 сьнежня з мэтай публічнага выказваньня свайго меркаваньня ўзяла актыўны ўдзел у мітынгу супраць інтэграцыі Расіі і Беларусі».

Паводле зьвестак міліцыі, якія складалі рапарты, у той акцыі ўдзельнічала каля 120 чалавек, прамоўцамі былі Тацяна і Павал Севярынцы, Алена Таўстая, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімер Някляеў ды іншыя. Як вынікае з рапарту, Янушкоўская публічна не прамаўляла, але выкрыквала лёзунг «Жыве Беларусь!». Паводле дадзеных міліцыі, на мітынгу было 20 сьцягоў,  у тым ліку 14 бел-чырвона-белых, 1 сьцяг Эўразьвязу, 1 – партыі БХД  ды іншыя.

Справа разглядалася без самой абвінавачанай, якая знаходзіцца зараз у лякарні. Судзьдзя Трацякова прызнала яе вінаватаў і пастанавіла аштрафаваць на 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Нагадаем, днём раней Алена Янушкоўская была аштрафаваная тым жа судом на 25 б.в за ўдзел у менскай акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 сьнежня.

Якушкова аштрафавалі на 25 базавых

Справу актывіста партыі «Народная Грамада» Аляксандра Якушкова разглядала ў судзе Чыгуначнага раёну Віцбску судзьдзя Ала Бардзюкова. Пратакол на актывіста склалі за ўдзел у віцебскай акцыі ў падтрымку незалежнасьці, якая прайшла 29 сьнежня на плошчы Перамогі.

«Актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікетаваньні з мэтай публічнага выказваньня свайго стаўленьня да інтэграцыі Расіі і Беларусі», – напісаў у пратаколе супрацоўнік віцебскай міліцыі. Падобныя фармулёўкі, нібы пад капірку, былі запісаныя і ў пратаколах іншых удзельнікаў акцыі, над якімі ўжо прайшлі суды.

Справа таксама разглядалася без абвінавачанага – Якушкоў на паседжаньне не зьявіўся. Судзьдзя прызнала яго вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пакарала штрафам у памеры 25 базавых велічынь (675 рублёў).

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.