02.05.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, дыфамацыя, экстрэмізм У закрытым судовым пасяджэнні Брэсцкі абласны суд 2 траўня разглядае крымінальную справу палітзняволенага Яўгена Пеляхатага, якога абвінавачваюць па шэрагу дыфамацыйных і пратэсных артыкулаў. Справу прызначаная разглядаць суддзя Кацярына Груда.
Першапачаткова было вядома пра абвінавачанні паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Аляксандра Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы).
У ходзе следства да гэтых артыкулаў дадаліся:
- ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім);
- ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару, скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі);
- арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады)
У судовым раскладзе пазначана, што Пеляхаты з’яўляецца асобай, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, г. зн. у стане непрытомнасці або асобай, якае пакутуе на псіхічнае засмучэнне.
Яўгена Пеляхатага затрымалі яшчэ 1 чэрвеня 2023 года. Падчас затрымання супраць Яўгена былі ўжыты "спецыяльныя сродкі і фізічная сіла", а з працоўнага кабінета яго выводзілі ў кайданках і з мяшком на галаве.
На другі дзень суд Ленінскага раёна Брэста абвінаваціў яго ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП РБ) і арыштаваў на 5 сутак. Пазней яго змясцілі ў СІЗА №6 Баранавіч, абвінаваціўшы ў напісанні некалькіх жорсткіх тэлеграм-каментароў пра Лукашэнку і сілавікоў.
Крыніца: Жыхара Брэста судзяць за некалькі жорсткіх тэлеграм-каментароў пра Лукашэнку і сілавікоў