На сайце УКБ паведамляецца, што абмеркаванне будзе весціся да 30 красавіка. Жыхары дома ( ён збудаваны літарай «Г», і таму мае падвойную нумарацыю – 12 і 12А) катэгарычна супраць таго, каб у двары з'явіўся «жылы комплекс U2 Park». Як пішуць распрацоўшчыкі, ён спраектаваны з дапамогай штучнага інтэлекту і ўяўляе сабой 3 пяціпавярховыя дамы па 25 кватэр кожны. Усе тры дамы аб'яднаныя стылабатам – агульным цокальным паверхам, які будзе выкарыстоўвацца як аўтапаркінг. Комплекс, паводле праекта, абгароджаны плотам, ад якога да пад'ездаў суседняй шматпавярхоўкі застанецца хіба пара дзясяткаў метраў. Двор з зялёнымі дрэвамі для «старажылаў» практычна знікне, а «навасёлы» атрымаюць упарадкаваныя дворыкі і тэрасы на першых паверхах. Жыць адным і другім давядзецца «вокны ў вокны» - калі, вядома, пратэсты мясцовых жыхароў не спыняць ініцыятыву будаўніцтва.
Ці можа меркаванне віцяблян змяніць сітуацыю, пакуль не зразумела. 15 красавіка на АНТ паведамілі пра нейкую пастанову, якая нібыта адменіць дубляванне адміністрацыйных працэдур, што паскорыць тэмпы узвядзення жылля. Такую пастанову нібыта прыняў Савет Міністраў, але грамадзян з ёй не пазнаёмілі. І застаецца не зразумелым, з якой даты яна дзейнічае і з якога момаенту адменена ранейшая працэдура, паводле якой было неабходным грамадскае абмеркаванне, абвешчанае мясцовымі органамі ўлады. Таму працэдура «інфармавання» з просьбай выказваць свае пажаданні, што явачным парадкам праводзіць УКБ, не выглядае законнай. Яшчэ раз акцэнтуем увагу на парадак дзеянняў дзяржаўных службаў: на сайце УКБ не пазначана, з якога дня праводзіцца збор меркаванняў, але аб'явы на пад'ездах жыхароў шматкватэрнай дзевяціпавярхоўкі пра суседства новага квартала з'явіліся 13 красавіка. Па АНТ перадалі пра зацвярджэнне новай пастановы 15 красавіка. Аднак на раніцу 16-га красавіка грамадзяне пра яе ўсё яшчэ нічога не ведалі: да гэтага часу яна не была апублікавана на прававых парталах.
Таццяна Шмыга