Справу Аляксея Прохарава разглядала судзьдзя Алена Цыганкова. Прохараў, абвінавачаны паводле ч.3. арт.23.34 КаАП, не адмаўляў, што 29 сьнежня быў на плошчы і трымаў плякат са словам «Незалежнасьць». Але патлумачыў, што ў сваіх дзеяньнях кіраваўся арт. 57 Канстытуцыі, якая на кожнага грамадзяніна накладае сьвяты абавязак бараніць незалежнасьць краіны. Паводле Прохарава, каб паказаць, што пагроза незалежнасьці тычыцца абсалютна ўсіх грамадзян, ён прынёс на плошчу дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг і трымаў яго падчас акцыі.
Нягледзячы на гэта, судзьдзя Алена Цыганкова прызнала Прохарава вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пастанавіла пакараць віцябляніна штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1350 рублёў).
Падчас працэсу судзьдзя адхіліла хадайніцтва Прохарава вярнуць пратакол на дапрацоўку ў РАУС, бо дакумэнт быў складзены некарэктна (міліцыянты, паводле пратаколу агляду, умудрыліся за 1 хвіліну «агледзець» 4-хвіліннае відэа). Адмовілася судзьдзя складаць і прыватную пастанову на адрас РАУС у сувязі з гэтым.
Судзьдзя Алена Цыганкова падчас працэсу
Для Аляксея Прохарава гэта другі штраф паводле арт. 23.34, якім пакараны цягам году. 26 сьнежня 2019 году суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў Прохарава на 5 базавых велічынь (127 рублёў) за публічныя заклікі ў сацсетках браць удзел у антыінтэграцыйных акцыях. 30 студзеня яго пакаралі штрафам у 10 разоў большым...
Прохараў будзе абскарджваць рашэньне суду Чыгуначнага раёну ў Віцебскім абласным судзе.
У той жа дзень, 30 студзеня, у судзе Чыгуначнага раёну за ўдзел у акцыі ў падтрымку незалежнасьці, якая прайшла на плошчы Перамогі ў Віцебску 29 сьнежня, была пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічынь актывістка БХД Тацяна Севярынец (ч.1 арт. 23.34).
Пастанову аб пакараньні вынес судзьдзя Дзяніс Аляксеенка. Сама Тацяна Севярынец на суд не прыйшла.
Нагадаем, што 23 сьнежня, суд Першамайскага раёну аштрафаваў Севярынец на 30 базавых велічынь паводле таго ж артыкулу (ч.1 арт. 23.34 КаАП), але – за публічныя заклікі ў інтэрнэце браць удзел у акцыі на плошчы Перамогі.
Зьміцер Міраш