У Чыгуначным судзе Віцебску адміністрацыйную справу Натальлі Сьпірыдонавай, удзельніцы несанкцыянаванага пікету на плошчы Перамогі 29 сьнежня, разгледзела судзьдзя Ала Бардзюкова. Актывістку абвінавацілі ў правапарушэньні паводле ч.1, арт. 23.34 КаАП РБ.
Сьпірыдонава на судовае паседжаньне не зьявілася, разгляд справы адбыўся безь яе ўдзелу. Як сьцьвярджаецца ў пратаколе, сваімі дзеяньнямі актывістка парушыла парадак арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства. Падчас пікету трымала ў руках плякат з надпісам: «Лукашэнку – ворага краіны – у адстаўку! Не – інтэграцыі!»
Натальля Сьпірыдонава
За актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні судзьдзя Бардзюкова аштрафавала Натальлю Сьпірыдонаву на 25 базавых велічыняў (675 рублёў). Нагадаем, 23 студзеня суд Першамайскага раёну пакараў Сьпірыдонаву штрафам за публічны заклік узяць удзел у сьнежаньскім пікеце (таксама - 25 б.в.).
Суд за налепкі «Калгаснай дыктатуры – баста!»
У той жа дзень, 28 студзеня, у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску адміністрацыйнае правапарушэньне актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Сьпірыдонавай і Круткіна пачаў разглядаць судзьдзя Ільля Белавус.
Актывістаў затрымалі днём 27 студзеня за расклейваньне налепак «Калгаснай дыктатуры – баста!» Адна з налепак зьявілася і на будынку Віцебскай абласной пракуратуры. Міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол паводле арт. 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства).
Полацкі актывіст Алесь Круткін правёў ноч у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ).
На судзе Натальля Сьпірыдонава хадайнічала аб перакваліфікацыі адміністрацыйнага правапарушэньня з арт. 17.1 КаАП на ч. 2 арт. 21.14 КаАП РБ (Парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў). Аляксандар Круткін, у сваю чаргу, прасіў судзьдзю прыпыніць працэс, каб мець магчымасьць заключыць дамову з адвакатам.
Пасьля невялікага перапынку судзьдзя Ільля Белавус задаволіў абодва хадайніцтвы. Разгляд справы быў прыпынены, а пратаколы вернутыя ў Кастрычніцкі РАУС на выпраўленьне недахопаў.
Круткіна зноў затрымалі
Але ўжо пасьля гэтага Алеся Круткіна і Натальлю Сьпірыдонаву «папрасілі праехаць» у аддзяленьне міліцыі. Як пазьней высьветлілася, у Кастрычніцкім РАУС Сьпірыдонавай уручылі позву, а Круткіна зноў затрымалі – каб перадаць полацкай міліцыі. Меркавана, у Полацку актывіста чакае суд за ўдзел у менскіх акцыях.
У камэнтары нашаму карэспандэнту Алесь Круткін выказаў нязгоду з пратаколам, дзе напісана, што сваімі дзеяньнямі актывісты парушылі грамадзкі парадак і выказалі непавагу да грамадзтва.
«Чамусьці лічыцца, што пратэст супраць калгаснай дыктатуры – гэта непавага да беларускага грамадзтва. Але бальшыня беларускага грамадзтва наадварот салідарызуецца з такім лёзунгам. Наадварот, гэтым мы выказалі павагу да беларускага грамадзтва, а непавагу – да гэтай мафіі, якая 26-ы год п’е кроў з народу», – сказаў Круткін.
С. Горкі