03.05.2024 Тэгі: палітвязні, ціск, пенітэнцыярная сістэма Крымінальны кодэкс Беларусі дае асуджаным шырокія магчымасці вызваліцца раней за тэрмін. Гэта і замена неадбытай часткі пакарання больш мяккім, і ўмоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ), і амністыя, і нават памілаванне. Але фактычна гэтага ўсяго пазбаўлены палітзняволеныя. Адміністрацыі папраўчых установаў імкнуцца зрабіць "злоснымі парушальнікамі рэжыму" амаль усіх палітвязняў, каб у тым ліку пазбавіць іх магчымасці на датэрміновае вызваленне. А прашэнне аб памілаванне ў месцах няволі даўно стала элементам ціску на асуджаных па палітычных матывах. Разбіраемся з былымі палітвязнямі і праваабаронцамі, чаму для палітвязняў ніводная з опцый вызваліцца раней за тэрмін не працуе і як наладжана гэтая рэпрэсіўная схема ў пенітэнцыярнай сістэме.
Умоўна-датэрміновае вызваленне ці "прафулік вешаюць на кожнага палітычнага"
Згодна ч. 2 арт. 90 і ч. 2 арт. 119 Крымінальнага кодэкса, адной з умоваў магчымасці датэрміновага вызвалення асуджанага ад прызначанага пакарання з'яўляецца яго "прыкладныя паводзіны, якія даказваюць выпраўленне асобы". То бок яно не прымяняюцца да асуджаных, якія маюць парушэнні. Паводле праваабаронцы і былога палітвязня Леаніда Судаленкі, часта палітзняволеным такія парушэнні выпісваюць па надуманным прычынам. Гэта робіцца, у тым ліку, каб выключыць магчымасці датэрміновага вызвалення з калоніі.
"Кола замыкаецца. Хоць фармальна, але закон дае права на абскарджанне спагнання, але рэальна гэтай опцыяй ніхто не карыстаецца. Я ж таксама атрадніку казаў, што не палю наогул і на зарадку выходжу, на што той сказаў: "Пачуў, добра, малайчына!" І ўжо праз гадзіну ў мае асабістых рэчах капаліся кантралёры, дзе знайшлі вываленую з пачкі зубачыстку. Зразумела, яна не была ўпісана ў вопіс, а гэта парушэнне! Мінае год у аднаго парушэння, палітычнаму адразу ж лепяць новае, начальнікі атрадаў асабіста за гэта адказваюць".
Як узгадвае Леанід Судаленка, праз тыдзень пасля арышту адміністрацыя гомельскага СІЗА № 3 паставіла яго на прафілактычны ўлік як "схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці".
"Канстытуцыйная прэзумпцыя невінаватасці не выстаяла перад унутранымі міліцэйскімі інструкцыямі. Такі прафулік вешаюць на кожнага палітычнага і пазбегнуць гэтага немагчыма. А як толькі трапляеш у калонію, то вешаюць бірку распазнавальнага жоўтага колеру, якая пацвярджае твой статус".
Яшчэ адной умовай з'яўляецца фактычнае адбыцця асуджаным адпаведнага тэрміна, устаноўленага кодэксам. Яшчэ адзін палітзняволены "Віцьбы" Леў дадае:
"Калі чалавек толькі трапляе ў калонію, то яму кажуць, што яшчэ не прайшло дастаткова часу, каб ён трапіў пад УДВ. У некаторых момантах прыдумляюць адразу парушэнне — часта гэта неадпаведнасць рэчаў вопісу.
Бо сам парадак гэтага опісу выглядае незразумелым і незручным: ёсць рэчы, якія ты бярэш і вяртаеш, і ты проста можаш заблытацца, напрыклад, у колькасці канвертаў, сшыткаў ці грамаў гарбаты. Адміністрацыя выкарыстоўвае гэты момант, каб сказаць на камісіі УДВ, што "не паспеў ты на калонію заехаць — ужо парушэнне".
Сам побыт наладжаны такім чынам, што цябе можа напаткаць так званае "правапарушэнне" ў любы момант: не паздароваўся па ўстаноўленай форме, не здаў норму па працы, калі ўсе яе не здалі і яна можа быць нерэальнай і г.д".
Леанід Судаленка распавядае, што ў атрадзе ў калоніі на бачным месцы вывешваюць на кожнага асуджанага спісы з надыходам даты ўмоўна-датэрміновага вызвалення. У праваабаронцы было запісана, што нават камісія была па УДВ, але ён пра гэта не ведаў.
Замена неадбытай часткі пакарання больш мяккім ці "адмоўлена, не стаў на шлях выпраўлення"
Паводле ч. 2 арт. 91 Крымінальнага кодэкса, замена неадбытай часткі больш мяккім пакараннем можа быць прыменена да асуджаных, якія "цвёрда ўсталі на шлях выпраўлення".
Праваабаронца адзначае, што для палітвязня дастаткова аднаго парушэння, якое яму могуць выпісаць па надуманных прычынах, каб яго атэставалі як "вязня, які не стаў на шлях выпраўлення":
"Пазбегнуць гэтага таксама немагчыма. Мяне, напрыклад, выклікаў начальнік атрада і з ходу заявіў: "Выбірай: паліў у неналежным месцы або не выйшаў на зарадку". Нават аднаго парушэння на працягу года дастаткова, каб зняволенага атэставалі як "вязня, які не стаў на шлях выпраўлення". А ў палітычных такіх парушэнняў некалькі. У мяне, напрыклад, за год было сем, таму што з мяне ляпілі "злоснага парушальніка" (для гэтага трэба тры і больш парушэнні ў год). Мінае год у аднаго парушэння, палітычнаму адразу ж лепяць новае, начальнікі атрадаў асабіста за гэта адказваюць".
Праводзяць фармальныя атэстацыі і адзначаюць: "Адмоўлена, не стаў на шлях выпраўлення". Хоць для звычайных асуджаных гэтыя плюшкі працуюць. Асабліва імкнуцца супрацоўнікі выцягнуць грошай з такіх асуджаных на розныя гаспадарчыя патрэбы калоніі, абяцаючы УДВ. Мне асабіста звычайны асуджаны скардзіўся, што надакучыла яму карміць лагер: то на фарбу, то на шпалеры. Супрацоўнікі просяць перавесці грошай, а на камісіі па УДВ кажуць: "Мы Вас яшчэ не вывучылі". Той плюнуў, і сказаў: "Буду сядзець увесь тэрмін, але больш рубля не дам!"
Амністыя ці "мог бы з'ехаць дадому, але з'яўляўся парушальнікам"
Амністыя рэгулюецца арт. 95 Крымінальнага кодэкса, а яе ўмовы кожны раз вызначаюцца адмысловым законам. За чатыры гады масавых рэпрэсій у Беларусі па амністыі былі вызвалены толькі чатыры палітвязні, асуджаныя да "хіміі". Гэта адбылося ў 2023 годзе. Сярод іх — былы ўладальнік і галоўны рэдактар "Новай газеты Смаргоні" Рамуальд Улан. Пра гэта ён напісаў у сваім Facebook:
"На шостым месяцы амністыі да мяне ўсё ж такі прымянілі гэтую амністыю — адзінаму з двух з паловай дзесятка палітычных на гомельскай хіміі..."
Трэба заўважыць, што так атрымалася толькі таму што арт. 188 КК (паклёп), па якім быў асуджаны палітзняволены не быў уключаны ў пералік тых, якія перашкаджаюць амністыі.
На палітзняволеных у калоніях праз тое, што абсалютнай большасці з іх нададзены статус "злосных парушальнікаў рэжыму", амністыя не можа быць прымененая. У кожным законе аб прымяненні амністыі адзначаецца, што яна не распаўсюджваецца на "парушальнікаў рэжыму адбыцця пакарання". Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў заявіў, што асуджаныя за "экстрэмізм" і "тэрарызм" не трапяць пад амністыю ў 2024 годзе.
"У снежні 2022 года якраз абвясцілі амністыю, і я мог бы з'ехаць адразу дадому, але з'яўляўся "парушальнікам"", — узгадвае Леанід Судаленка.
Памілаванне ці "таксама адмова"
Згодна арт. 96 Крымінальнага кодэкса, "памілаванне ажыццяўляецца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь". З 2020 года ў Беларусі былі памілаваны 29 палітвязняў. Сярод іх — валанцёрка Таццяна Ласіца, журналіст "Радыё Свабоды" Алег Груздзіловіч, рэдактарка "Чорнай кнігі Беларусі" Сафія Сапега і былы рэдактар Nexta Раман Пратасевіч, грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ. Прашэнне аб памілаванне, асабліва ў 2021-2022 гады, стала масавым элементам ціску на палітвязняў. Некаторых з іх, паводле сведчанняў былых зняволеных, прымушалі пісаць хадайніцтва на імя Лукашэнкі, прызнаючы віну і сваім хадайніцтвам прызнаючы легітымнасць Лукашэнкі. Для некаторых з іх гэта было прынцыповым пытаннем.
Леанід Судаленка распавядае, як памілаванне выглядае ў калоніі:
"Памілаванне адбываецца наступным чынам: асуджаныя пішуць Лукашэнку прашэнне, аддае атрадніку, той аддае оперу, а тыя пішуць суправаджальны ліст-характарыстыку, адзначаючы, што палітвязень не стаў на шлях выпраўлення і парушае. Як следства — таксама адмова".
"Палітычныя перакананні сталі маркерам для тых, каго вылучае цяперашняя таталітарная ўлада ў Беларусі сярод усёй масы асуджаных"
Праваабаронца Леанід Судаленка, адчуўшы на сабе ўсю несправядлівасць і жорсткасць пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі ў дачыненні да палітвязняў, адзначае:
"Такім чынам, заканадаўства само па сабе, а практыка — у іншы бок. Аб перавыхаванні палітычных ды і ўсіх зняволеных у месцах няволі ніхто не думае. Думаюць, як палітычным наадварот зрабіць жыццё невыносным…"
Юрыст "Вясны" Павел Сапелка робіць высновы на падставе міжнародных стандартаў:
"Камітэт па правах чалавека ў Заўвазе агульнага парадку № 35, Артыкул 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (Свабода і асабістая недатыкальнасць), адзначае, што "асуджаныя зняволеныя маюць права на тое, каб парадак адбыцця імі пакарання па прысуду рэгуляваўся ў адпаведнасці з унутраным заканадаўствам. Разгляд спраў на прадмет умоўнага і іншых формаў датэрміновага вызвалення павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з законам, і ў такім вызваленні нельга адмаўляць на падставах, якія з'яўляюцца адвольнымі па сэнсе артыкула 9". На думку Камітэта, у паняцце "адвольнасці" варта ўключаць элементы непрымальнасці, несправядлівасці, непрадказальнасці і невыканання працэсуальных гарантый, нароўні з элементамі мэтазгоднасці, неабходнасці і суразмернасці. У практыцы ж беларускіх месцаў пазбаўлення волі гэтыя элементы квітнеюць, дыскрымінацыйна пазбаўляючы палітвязняў магчымасці калі ўжо не вызваліцца безумоўна і з наступнай рэабілітацыяй, то хаця б скараціць тэрмін незаслужанага незаконнага пазбаўлення волі з выкарыстаннем тых інструментаў, якія даступныя асуджаным за звычайныя злачынствы. Палітычныя перакананні сталі маркерам для тых, каго вылучае цяперашняя таталітарная ўлада ў Беларусі сярод усёй масы асуджаных".