31.12.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-31 снежня 2024 году сабраў факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. 

30.12.2024 Тэгі: грамадства, выбары-2025 27 снежня 2024 году завяршылася фармаванне ўчастковых выбарчых камісій па выбарах* прэзідэнта. Як раней паведамлялі ў ЦВК, на выбарах* будуць працаваць 5325 участковых камісій. Столькі ж будзе і ўчасткаў для галасавання.

30.12.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім абласным судзе 30 снежня асудзілі палітвязня Генрыха Акалатовіча паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Уладзімір Арэшка прызначыў Генрыху 11 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.   

30.12.2024 Тэгі: палітвязні, аналітыка, інфаграфіка, рэпрэсіі Не меней за 1721 чалавек асуджаныя па палітычных крымінальных справах у Беларусі за 2024 год. З іх 1241 мужчына (72,1%), 480 (27,9%) жанчынаў. Сярод агульнай колькасці асуджаных 21 чалавек пенсійнага веку: 14 жанчын і 7 мужчынаў. Сёлета ў нашай краіне працягваецца практыка завочных судоў. На 144 чалавекі заведзена спецвытворчасць. Больш за ўсё палітычных судоў адбылося ў Мінску, меней за ўсё – у Магілёўскай і Віцебскай вобласцях. Самы распаўсюджаны від пакарання па палітычна матываваных крымінальных артыкулах – пазбаўленне волі. Да зняволення асудзілі агулам 55,4 % беларусаў. А самай папулярнай нагодай для палітычных крымінальных судоў застаецца ўдзел у акцыях пратэсту – паводле арт. 342 КК асудзілі 1019 чалавек.

30.12.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, спецвытворчасць Слава Камісаранка У Мінскім гарадскім судзе 30 снежня завочна асудзілі стэндап-коміка Славу Камісаранку. Суддзя Анастасія Папко прызначыла яму шэсць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго справу разглядалі на трох пасяджэннях.

30.12.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, спецвытворчасць У Мінскім гарадскім судзе 23 снежня быў вынесены завочны прысуд добраахвотніку ва Украіне Паўлу Кулажэнку і былому вайскоўцу Віталю Пацехіну. Іх абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "акце тэрарызму", за атаку дронам на базу АМАПа ў ноч з 24 на 25 верасня 2021 года. Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў ім 24 і 23 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адпаведна, а таксама штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў) кожнаму. Апроч гэтага Пацехіна пазбаваілі воінскага звання "капітан у адстаўцы".

30.12.2024 Тэгі: аналітыка, выбары-2025 Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2025 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніц і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі.

29.12.2024 Тэгі: палітвязні, аналітыка, інфаграфіка, рэпрэсіі Мінулы год для беларусаў прайшоў пад знакам масавага пераследу за салідарнасць. Год, у якім Лукашэнка ў чарговы раз паказаў, што з жанчынамі ён усё ж такі ваюе. Пенсіянеркі, непаўнагадовыя падлеткі, хворыя на анкалогію, шматдзетныя бацькі — для рэжыму няма розніцы, каго затрымліваць, калі ў дзеяннях беларусаў бачаць "экстрэмізм". 2024 год адзначыўся і некалькімі хвалямі памілаванняў, падчас якіх агулам выйшлі 227 палітзняволеных. Пры гэтым штодзённа па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманні дзясяткаў чалавек. Выбары, якія пройдуць ужо ў студзені новага года, распачалі серыю новых прэвентыўных атак на грамадскі сектар. Акрамя гэтага, сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі застаецца на стабільна крытычным узроўні. Зняволеныя ўтрымліваюцца ў жудасных умовах без магчымасці атрымання якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі, зазнаюць катаванні і збіванні, утрымліваюцца месяцамі без сувязяў са знешнім светам. "Вясна" ў лічбах распавядае, як за 2024 год змянілася сітуацыя з палітзняволенымі. 

28.12.2024 Тэгі: палітвязні, ціск, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі Былога выкладчыка БДУІР Мікалая Банькова ўтрымліваюць у зняволенні ўжо амаль два гады. У ліпені 2023 года яго асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі за тры данаты, якія мужчына зрабіў у жніўні 2020 года. Год таму мужчыну этапавалі ў наваполацкую калонію № 1, адміністрацыя якой аказвае ціск на палітвязня. "Вясна" ад былых зняволеных даведалася, што амаль адразу пасля этапу Мікалая змясцілі ў ШІЗА, дзе ён бесперапынна знаходзіўся паўгода. Акрамя гэтага, ужо год палітвязня фактычна ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада. Праваабаронцы "Вясны" распавядаюць, як у зняволенні пераследуюць экс-вайскоўца Мікалая Банькова.

28.12.2024 Тэгі: палітвязні, рэпрэсіі 28 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў чарговы Указ аб памілаванні палятвязняў. Пра гэта паведаміў яго афіцыйны тэлеграм-канал. Таксама адзначаецца, што Міністэрства ўнутраных спраў "пракантралюе паводзіны" палітвязняў пасля вызвалення. Мы па-ранейшаму падтрымліваем інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму не публікуем прозвішчы вызваленых.