30.12.2024 Тэгі: грамадства, выбары-2025 27 снежня 2024 году завяршылася фармаванне ўчастковых выбарчых камісій па выбарах* прэзідэнта. Як раней паведамлялі ў ЦВК, на выбарах* будуць працаваць 5325 участковых камісій. Столькі ж будзе і ўчасткаў для галасавання.

У склад камісій увайшлі 56 550 чалавек. Большасць з іх — 33 453 чалавекі, ці 59,2 % — прадстаўнікі палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў. Амаль усе яны — прадзяржаўныя. Так, 3129 чалавек — прадстаўнікі партыі "Белая Русь": а 4093 чалавекі — грамадскага аб'яднання "Белая Русь". Яшчэ 3169 чалавек прадстаўляюць БРСМ і 4163 чалавекі — Беларускі саюз жанчын. Абсалютная большасць людзей, якія ўваходзяць у склад камісій, — гэта прадстаўнікі прафесіянальных саюзаў, што ўваходзяць у склад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, таксама прадзяржаўнага аб'яднання.

Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заўважаюць:

"Калі не разумець кантэкст, то вынікі, прадстаўленыя ЦВК, маглі б выглядаць даволі добра: тут і грамадскія аб’яднанні, і палітычныя партыі, і грамадзяне нібыта паўдзельнічалі. Але ж насамрэч усе гэтыя суб’екты з’яўляюцца рознымі формамі адной сутнасці – лаяльнай сістэмы, якую для сябе выбудаваў А. Лукашэнка. Напрыклад, “Белая русь” як грамадскае аб’яднанне ўзнікла напярэдадні парламенцкіх выбараў у 2023 г. і з’яўляецца суб’ектам, які абслугоўвае палітыку А. Лукашэнкі. І потым на выбарах* 2024 яна ўсё ж выканала сваю функцыю – стала лідарам па прадстаўленасці сярод сябраў камісій. У гэтым годзе адбываецца тое ж самае.

Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні могуць разглядацца як паўнавартасныя суб’екты дэмакратычных працэсаў пры ўмове, калі яны з’яўляюцца добраахвотнымі арганізацыямі. Такой характарыстыкі ў ніякай зарэгістраванай на сённяшні дзень грамадскай арганізацыі ў Беларусі няма.

Добраахвотнасць азначае, што ніхто не можа быць прымушаны да ўступлення ў партыю насуперак сваёй волі. А таксама яна прадугледжвае, што сябра партыі можа ў любы момант выйсці з яе без узяцця з яго штрафаў або іншых санкцый (п. 115 Кіраўнічых прынцыпаў прававога рэгулявання палітычных партый".

Ужо першага студзеня 2025 году пачнецца наступны этап выбараў* — агітацыя. Пакуль жа ў перадсвяточныя дні ЦВК запрашае наведаць свой сайт і праз новы сервіс знайсці свой участак для галасавання. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: "Розныя формы лаяльнай сістэмы, якую для сябе выбудаваў Лукашэнка": ЦВК справаздачыўся пра выбарчыя камісіі