30.12.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, спецвытворчасць У Мінскім гарадскім судзе 23 снежня быў вынесены завочны прысуд добраахвотніку ва Украіне Паўлу Кулажэнку і былому вайскоўцу Віталю Пацехіну. Іх абвінавацілі паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "акце тэрарызму", за атаку дронам на базу АМАПа ў ноч з 24 на 25 верасня 2021 года. Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў ім 24 і 23 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адпаведна, а таксама штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў) кожнаму. Апроч гэтага Пацехіна пазбаваілі воінскага звання "капітан у адстаўцы".
Павел Кулажанка — былы баец АМАПа, які цяпер ваюе як добраахвотнік ва Украіне. Пацехін — былы вайсковец. Менавіта яго назвалі выканаўцам атакі на базу АМАПа. Абодва маюць дачыненне да ініцыятывы "Супраціў", якую рэжым Лукашэнкі прызнаў тэрарыстычнай.
Як заяўляе следства Пацехін "пры садзейнічанні недасведчаных кантрабандыстаў" атрымаў з Украіны дрон вялікай грузападымальнасці і некалькі месяцаў рыхтаваўся да нападу.
"У начны час на тэрыторыі свайго ўчастка ў Мінскім раёне абвінавачаны эксперыментаваў са складам запальнай сумесі і трэніраваўся кіраваць беспілотнікам. Каб павысіць шанцы на поспех, ён мадэрнізаваў лятальны апарат, усталяваўшы прыстасаванне скіду грузу і відэакамеру. Да дня выканання тэракту Пацехін усё старанна спланаваў і ў ноч з 24 на 25 верасня рэалізаваў задуманае. /.../ З дапамогай беспілотніка абвінавачаны скінуў дзве пяцілітровыя бутэлькі з запальнай сумессю на базу АМАП", — гаварылася ў абвінавачванні СК.
Пасля гэтага ён схаваў дрон і пакінуў Беларусь. Аператыўнікі, аднак, знайшлі пазней беспілотнік.
Кулажанку і Пацехіну выставілі абвінавачанні па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса: "акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай" (ч. 3 арт. 289 КК), "стварэнне і кіраванне тэраррыстычнай арганізацыяй" (ч. 1 і ч. 2 арт. 290-4 КК), "змова з мэтай захопу ўлады" (ч. 1 арт. 357 КК), "незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў" (ч. 2 арт. 295-3 КК), "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК), "арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі" (ч. 1 і ч. 2 арт. 290-5 КК).
На маёмасць Кулажэнкі і Пацехіна накладзены арышт агульным коштам каля 240 тысяч рублёў.
Крыніца: За атаку дрона на базу АМАПа двух вайскоўцаў завочна асудзілі да вялікіх тэрмінаў і штрафаў