Выйшаў на волю палітвязень Уладзіслаў Макавецкі
30-гадовы віцебскі мастак, разьбяр па дрэве быў асуджаны па арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Суддзя суду Кастрычніцкага раёну Сняжана Кіндзеева прызначыла яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на два гады. Адбыўшы тэрмін пакарання, Уладзіслаў Макавецкі выйшаў з Івацэвіцкай калоніі №22.
6 ліпеня палітвязнямі прызналі аршанца Аляксандра Вольскага і віцябляніна Віктара Ўласенку
Аляксандр Вольскі асуджаны за допіс «ВКонтакте» паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або сацыяльнай варожасці) да 3-х гадоў «хіміі». Віктар Уласенка асуджаны да 4-х гадоў калоніі агульнага рэжыму адразу па трох крымінальных артыкулах, у тым ліку за абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады.
У палітзняволенай Юліі Лабуновай з’явілася сімвалічная «хросная» – дэпутатка Бундэстага Е-Ван Ры
У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыяй «Libereco – Партнёрства за правы чалавека», сімвалічныя «хросныя» з’явіліся яшчэ ў 10-ці палітвязняў. У іх ліку – віцяблянка Юлія Лабунова, пакараная за палітычныя перформансы зняволеннем на тры з паловай гады па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага Кодэксу (злоснае хуліганства).
Мікалай Статкевіч напісаў заяву на адзіночнае ўтрыманне ў Глыбоцкай калоніі
Гэта стала вядома з лістоў палітвязня, якога этапавалі адбываць пакаранне ў папраўчую калонію асаблівага рэжыму №13 у Глыбокім. Паводле Марыны Адамовіч, жонкі зняволенага апазіцыйнага палітыка, гэта не стала нечаканасць, бо глыбоцкая ПК – гэта адзіная калонія ў Беларусі, дзе ўтрымліваюцца асуджаныя да асаблівага рэжыму, асуджаныя да пажыццёвага ўтрымання або паўторна за цяжкія злачынствы.
Палітвязня Андрэя Кузнечыка збіраюцца накіраваць у Наваполацкую калонію
Журналіст Радыё Свабода, ураджэнец Віцебску Андрэй Кузнечык, асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі па справе аб экстрэмісцкім фармаванні. З Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС ягонай жонцы паведамілі, што ён будзе накіраваны ў наваполацкай калонію №1. Але пакуль ён знаходзіцца ў магілёўскім СІЗА і чакае разгляду апеляцыйнай скаргі (ён прызначаны на 12 жніўня).