«Гэта рэальны кот, які жыве ў Віцебску. Калі маляваў яго на зоне, мне казалі: не малюй такое – закрыюць цябе ў ШІЗА. Справа ў тым, што кот у калоніі не проста кот – гэта яшчэ абрэвіятура фразы «коренной обитатель тюрьмы». Раней зэкі сабе гэтыя літары ці выявы ката на целе набівалі, каб вызначыць іерархію. Прыкладам, кот у капелюшы – крымінальны аўтарытэт. Таму маглі мяне прыцягнуць і за «падтрыманне зладзейскіх традыцыяў». І крымінальную справу маглі за такое завесці ды закрыць. Але пранесла», – расказвае Уладзіслаў Макавецкі.
Больш за тое, малюнак прайшоў цэнзуру і дайшоў да адрасата. Цяпер кот Друша шле вітанні з Беларусі і прэзентуе выставу рэпрэсаваных беларускіх мастакоў у варшаўскім Музеі вольнай Беларусі, якая мае адкрыцца 17 сакавіка. На выставе можна будзе набыць і адзежу з выявай Друшы.
Страшнае раздарожжа Беларусі
Мог бы з’явіцца на выставе і партрэт Уладзіслава Макавецкага, намаляваны ў івацэвіцкай калоніі мастаком і палітвязнем Алесем Пушкіным. Як распавядае Уладзіслаў, вынесці гэты малюнак на волю не ўдалося – яго сканфіскавалі на выхадзе з зоны. Але некаторыя працы Пушкіна апынуліся-такі на свабодзе разам з Уладзіславам. Сярод іх – выявы Еўфрасінні Полацкай і «Беларусь на раздарожжы».
«Гэтыя малюнкі цудоўныя. Пра беларусаў на раздарожжы паміж усходам і захадам мы з ім шмат размаўлялі, і гэта я падкінуў яму ідэю. Сказаў, што хацеў бы яе ўвасобіць у разьбе. А ён такі: давай я намалюю, як гэта можа выглядаць. І намаляваў. Такое страшнае чыгуначнае раздарожжа з цягнікамі на «west» і «ost», канцлагерам, вышкай і печкай у цэнтры…» – кажа Уладзіслаў Макавецкі.
Уладзіслаў выехаў з Беларусі на Захад праз некалькі месяцаў па вызваленні, у кастрычніку 2022 года. Працу, звязаную з разьбой па дрэве ці мастацтвам, у Варшаве пакуль не знайшоў (рэжа і па камені, і па метале). Каб зарабіць на жыццё і жыллё, даводзіцца працаваць на складзе. Але жаданне ўвасобіць вобразы з накіду Алеся Пушкіна ў скульптурную кампазіцыю нікуды не падзелася. Толькі вось саматужна, без дапамогі іншых беларусаў, наўрад ці, прызнаецца, дасць з гэтым рады.
«Каб атрымалася такое зрабіць – была б добрая падтрымка для Алеся Пушкіна, якога ўжо пасля майго вызвалення перавялі на ПКТ, а потым – на турэмны рэжым у гарадзенскую турму», – кажа Уладзіслаў Макавецкі.
Раскручваў драты з Алесем Пушкіным
Уладзіслаў нешматслоўны. На некаторыя пытанні адказвае цішынёй або ціхай усмешкай. Пра Алеся Пушкіна шмат не распавядае, бо баіцца яму нашкодзіць. Адзначае, што «трымаўся Пушкін добра», што з усімі на зоне гаварыў па-беларуску, а на заўвагі супрацоўнікаў «гавары нармальна» аджартоўваўся: я ж якраз, маўляў, нармальна гавару…
«Пра ўсё з ім размаўлялі, калі гарбатку пілі. Цікавы чалавек. Я яму казаў: вось, Алесь, добра, што ёсць такія зоны і што мы сустрэліся, а то прыехаў бы да цябе ў Бобр проста так, дык можа пагнаў бы мяне прэч, а цяпер во сядзім, гарбату пʼём, драты круцім. Пасмяяліся тады», – прыгадвае Уладзіслаў.
Цікава, што з Алесем Пушкіным Макавецкі пазнаёміўся ў 2020-м яшчэ на свабодзе – на лютаўскай імпрэзе з нагоды святкавання 100-годдзя УНОВИС (Мастацкае абʼяднанне «Утвердители нового искусства», якое ўзначальваў Казімір Малевіч. – Заўв. «Белсату») у Віцебску.
Былы палітвязень кажа, што гумар для зняволенага – «адзіная прыдатная зброя». І часта – дзейная.
«Што б там ні адбывалася, я жартаваў. З самага пачатку. Супрацоўнік: «А давай пакаяннае відэа запішам». Я: «Не, хлопцы, гэта не маё…» І гэтак далей. Такое стаўленне троху разрывае іх шаблон. Яны тады не ведаюць, што рабіць. Бо, паводле іх шаблону, чалавек мусіць стаяць і баяцца, дрыжэць перад імі, а не пасміхацца», – кажа былы палітвязень.
Прызнаецца, што і ён не герой, і што былі моманты, калі і лыткі ад страху дрыжэлі, і скулы. «Калі цябе падвялі ўжо да сцяны – ты павінен нешта з гэтым рабіць, неяк трымаць сябе ў руках», – кажа наш суразмоўца.
«Сама страшна было ў першыя дні, калі на ІЧУ закрылі, бо ты не ведаеш, што з табой будзе далей адбывацца. Невядомасць найперш палохае. Калі ўжо трапіў на СІЗА, то адпусціла. Бо там людзі, і ты такі думаеш: я з імі зараз паразмаўляю і адразу стане лягчэй на душы. Так і было. Гарбатку мне адразу запарылі, усё, давай…» – распавядае Уладзіслаў Макавецкі.
У віцебскім СІЗА ставілі на калені
Яго затрымалі 18 верасня 2020 года, амаль праз два тыдні пасля сутыкнення пратэстоўцаў з міліцыяй у Віцебску на вуліцы Праўды. Хлопца абвінавацілі ў гвалце супраць міліцыянта, на якога Уладзіслаў быццам бы замахнуўся дубінкай, паднятай з зямлі. Бараніў вядомых цяпер сваім «сядзеннем» у амбасадзе Швецыі бацьку і сына Кузнечыкаў, якіх збівалі супрацоўнікі МУС. Расказвае, што пасля таго, як тыя ўцяклі са шведскага пасольства, да яго ў «Воўчыя норы» прыязджалі следчыя, каб штосьці выведаць, але Уладзіслаў «нічога не помніў». З Кузнечыкамі сустрэўся ўжо ў Варшаве.
«Успомнілі мінулае. Яны ж таксама, па сутнасці, сядзелі. Толькі што – без «правілаў унутранага распарадку», – усміхаецца Уладзіслаў.
У віцебскім СІЗА-2 Макавецкі прабыў паўгода.
«Цяжкі там рэжым. Злачынны, я б сказаў. Пастаянны ціск. Але і да гэтага прызвычайваешся, калі з цябе здзекуюцца штодзень з раніцы і дапазна. Шмоны (ператрусы ў камеры. – Заўв. «Белсату») гэтыя. Калі рабілі шмон, усіх на прадол выстаўлялі, адчынялі вокны, халодна, ты дрыжыш, а яны яшчэ нешта запытваюцца ў цябе. Голы стаіш, рукі за спінай, а я яшчэ ў наручніках, бо на прафуліку стаяў як экстрэміст. Так, на расцяжцы. Або на калені ставілі…» – успамінае Уладзіслаў.
Ужо ў івацэвіцкіх «Воўчых норах» Уладзіслаў прачытаў кнігу былога палітвязня і экс-кандыдата на прэзідэнцтва (2010) Андрэя Саннікава, які нейкі час у 2011 годзе прабыў у віцебскім СІЗА (сядзеў у калоніі «Віцьба-3»).
«Дык вось, у сваіх успамінах Саннікаў прыгадвае і віцебскі СІЗА-2. Там такія радкі ў кнізе ёсць, што кожны супрацоўнік віцебскага СІЗА павінен сам сядзець. Там парушаецца… там усё парушаецца», – кажа Уладзіслаў.
Гаворыць, што «Мая гісторыя» Саннікава прабілася на зону нейкім цудам – «зайшла аднаму чалавеку з кніжнай пасылкай». Многія прачыталі, пакуль інфармацыя пра кніжку (найхутчэй – праз стукачоў) не дайшла да адміністрацыі. Кнігу забралі, а хлопца, якому яна была дасланая, хацелі нават закрыць, але ў выніку супакоіліся.
«Калі чалавек захоча знайсці нейкую літаратуру – ён знойдзе. Я не хачу распавядаць, што там яшчэ ёсць у бібліятэцы. Бо калі раскажу, гэтага там ужо не будзе. Так гэта працуе», – усміхаецца былы вязень «Воўчых нораў».
З прачытанага называе толькі папулярныя сярод зняволеных мемуары Віктара Франкла і раманы Оруэла. Кажа, што часу на чытанне там мала, але знайсці можна: чытаў у тым ліку пасля адбою – «пад святлом зонаўскіх ліхтароў».
«Калі ўкраінцы падбілі «Маскву», зладзілі «гулянку»
Пад тым святлом і маляваў. За два дні да ўварвання расейцаў ва Украіну зрабіў малюнак: на ім – крумкач, меч і дрэва. Нібы прадчуваў вайну. Магчыма, гэты малюнак таксама будзе паказаны на выставе ў Музеі вольнай Беларусі.
«Цяжка было ў першыя дні, таму што мы глядзелі там расейскае тэлебачанне і па ім казалі, што яны ўжо ў Кіеве. Беларускія каналы спачатку проста маўчалі. «Добрай раніцы, Беларусь» – і ўсё. Смешна. Потым, калі людзі пайшлі на тэлефонныя званкі, то прыйшла інфармацыя. Тады зразумелі, што хлусня ўсё, і што расейцам там добра даюць. Ужо не так сумавалі», – дзеліцца ўспамінамі былы палітзняволены.
Распавядае, што калі ўкраінцы падбілі крэйсер «Масква», зладзілі ў атрадзе «гулянку» («Мянты ў баракі нават не заходзілі») – з гарбатай і торцікам. Пераважная большасць у атрадзе Макавецкага, па ягоных назіраннях, падтрымвала Украіну, але «былі, канечне, і далба…бы, збольшага малалеткі, якія за Расею».
«Палітычныя» таксама розныя былі: «Я за Лукашэначку, я за Расею, я не ведаю, чаму мяне закрылі», – кажа Уладзіслаў.
Ён прызнаецца, што выйшаў на свабоду з тымі ж думкамі пра Беларусь і пра неабходнасць перамен у краіне, якія насіў у галаве і да 2020 года. Зона яго не змяніла і не зламала. Не паправіла папраўчая калонія.
«Ну хіба ў сэнсе, што кілаграмаў там спачатку набраў – паправіўся. На СІЗА схуднеў, а ў калонію трапіў – і набраў. Калі выйшаў на свабоду – адразу скінуў. Мяркую, што праз стрэс», – кажа былы палітвязень.
Запэўнівае, што з ежай у «Воўчых норах» не было праблемаў.
«Усё што ні даюць – добра. І добра, што даюць. Разоў пяць за два гады давалі пельмені. Вось гэта запомнілася. Вараныя, зліплыя такія, але ж – пельмені», – успамінае Макавецкі. І прызнаецца, што тут, у Варшаве, па пельменях не сумуе.
«Першыя крокі на свабодзе: ты як пʼяны»
«Мне знаёмыя кажуць, што турма зусім мяне не змяніла, але думаю, што гэта не так. Не бывае такога, што аддаеш два гады жыцця – і без следу. Але… Я не ведаю, якім я стаў. Не адкажу на гэтае пытанне», – дадае.
Ён шчуплы, зграбны, сурʼёзны. Глыбокі. Прызнаецца, што ўспамінаць цяжка. Балюча. «Але куды ад гэтага дзенешся?» – гаворыць.
«Першыя крокі на свабодзе: ты як пʼяны і не ведаеш, што адбываецца. Нібыта сон. Пачуццё нерэальнасці. Ногі самі ідуць, а ты не ведаеш, куды і навошта, і што ты будзеш рабіць… Цалкам не магу пакуль разняволіцца. Бывае, што на працы хтосьці свісне – і ты спахопліваешся. Бо калі на зоне свіст – значыцца, шухер, мянты ідуць», – дзеліцца Уладзіслаў Макавецкі.
Ягоная мара – як найхутчэй вярнуцца на радзіму. Кажа, што і зараз паехаў бы, нягледзячы на рызыкі, але не хоча знаходзіцца там, дзе ўжо стаяць расейскія войскі, і не проста стаяць, а атакуюць з нашай зямлі Украіну.
«Адбылося што адбылося, і зараз песімізм такі, але ж не трэба здавацца, не трэба паддавацца гэтаму песімізму. Трэба абʼядноўвацца і дапамагаць адзін аднаму. Гэта нашая справа. Нас тут шмат, але нешта не так, як трэба.
Трэба памятаць што людзі сядзяць, у іх нічога не змянілася. Вось я выйшаў, але там людзі сядзяць, і жыццё праходзіць. І іхнае – праходзіць за кратамі. Не трэба забывацца…» – гаворыць Уладзіслаў.
Аўтар рэкорднай 23-метровай драўлянай лыжкі, якую выразаў, калі працаваў у музеі на Меншчыне, ката Друшы і мноства іншых малюнкаў, якія дасылаў з зоны малодшаму брату, узяў з сабой у Варшаву некалькі любімых стамесак. Яны пакуль чакаюць свайго часу, які амаль цалкам аддаецца працы на польскім складзе. Чакаюць увасаблення ў скульптурнай кампазіцыі з дрэва і вобразы з «Беларусі на раздарожжы» Алеся Пушкіна. Было б добра, каб хтосьці дапамог Уладзіславу з ажыццяўленнем гэтага праекту (можа, будуць у каго і прапановы для новай працы). Пазнаёміцца з мастаком можна будзе на адкрыцці выставы ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве 17 сакавіка (пачатак а 19:00).