19 лістапада ў Віцебску каля «сіняга дому» быў затрыманы найстарэйшы прадстаўнік дэмакратычнага руху ў Віцебску Барыс Хамайда. Для прафілактычнай размовы яго даставілі ў Чыгуначны РАУС. На прадмет наяўнасці экстрэмісцкіх матэрыялаў міліцыянты вырашалі правераць усе 12 кніг, адабраных у Хамайды адмыслова для гэтай мэты.

19 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску абвесціў вырак у справе 21-гадовай віцяблянкі Александрыны Міхаложынай, абвінавачанай паводле арт. 341 КК. За псаванне маёмасці і «дэструктыўны» надпіс «3%» на шапіку «Табакерка», які належыць «Віцебск-тытунь» СЗАТ «Энерга-оіл», суд пакараў Міхаложыну штрафам у памеры 100 базавых велічынь і, такім чынам, цалкам задаволіў патрабаванне пракуратуры.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 18 лістапада разглядалася чарговая адміністрацыйная справа за налепку на аўтамабілі. 43-гадовага Уладзіслава Цітова асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за невялікі герб Пагоня на багажніку. Суддзя Уладзімір Царыкаў палічыў гэта ўдзелам у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч.1 арт. 24.23 КаАП). Цітоў віны не прызнаў і заявіў, што не мае ніякага дачынення да налепкі.

21 кастрычніка Браслаўскі райвыканкам ліквідаваў cацыяльна-інфармацыйную ўстанову «Майстэрня братоў Лабуць». Закрытая ўладамі ўстанова давала ўнікальны анлайн сэрвіс для замовы і аплаты прадуктаў уласнага вырабу прадстаўнікам сацыяльна ўразлівай групе грамадзян. Браты Лабуці былі вядомыя тым, што цягам некалькіх гадоў праводзілі адзіны ў краіне пляжны оўпэн-эйр «Viva Braslav».

Суд Глыбоцкага раёну асудзіў 48-гадовага Андрэя Кулікоўскага на 5 сутак адміністрацыйнага арышту за публічную дэманстрацыю фашысцкай сімволікі і атрыбутыкі (ч.1 арт. 19.10 КаАП). Мужчына – аматар гістарычнай рэканструкцыі, а нямецкая форма – тэатральны касцюм, у якім збіраўся здымацца ў кіно. Віцебскі абласны суд 17 лістапада адхіліў ягоную скаргу, а значыцца прысуд набыў законную моц. На разглядзе скаргі мужчына не прысутнічаў.

Суд Першамайскага раёну Віцебску 17 лістапада пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні 21-гадовай віцяблянкі Александрыны Міхаложынай, абвінавачанай паводле арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»). У 2020 годзе на шапік, які належыць філіялу «Віцебск-тытунь» СЗАТ «Энерга-оіл» дзяўчына нанесла надпіс, звязаны з падзеямі прэзідэнцкай кампаніі. Ёй пагражае да трох месяцаў арышту. 

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 17 лістапада пачаўся судовы працэс над Андрэем Кузняцовым, у дачыненні якога распачалі крымінальную справу за знявагу менскай суддзі Вікторыі Шабуні (арт. 391 КК РБ). Калі мужчыну прызнаюць вінаватым, яму будзе пагражаць да трох гадоў абмежавання волі. На першае паседжанне ён не прыйшоў праз хваробу. Зняважаная суддзя Шабуня таксама не з'явілася.

Ужо больш за год у Беларусі колькасць палітычных зняволеных павялічваецца амаль штодзённа. На жаль, у сваякоў не заўсёды атрымліваецца карыстацца ўсімі магчымымі спосабамі падтрымкі вязняў: ім блакуюць ліставанне, пазбаўляюць перадач, не дазваляюць замаўляць кнігі і абмяжоўваюць у падпісках на незалежныя газеты і часопісы. Адзінае, что застаецца — грашовыя пераводы. «Вясна» нагадвае, чаму важна дасылаць вязням грошы, распавядае, як гэта зрабіць і як на практыцы выглядае атаварка. Пішуць праваабаронцы на сайце ПЦ “Вясна”.

Віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую абвесцілі ў вышук, а расследаванне ў крымінальнай справе, заведзенай на яе за абразу прэзідэнта (арт. 368 КК), прыпынілі. Гэта вынікае з паведамлення, якое атрымала са следчага камітэту дачка Алены Янушкоўскай. Нядаўна ў доме блогеркі ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёну прайшоў ператрус. Сама Алена Янушкоўская знаходзіцца ў небяспецы – за межамі Беларусі.

10 лістапада суддзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Сняжана Кіндзеява вынесла прысуд жыхару віцябляніну Расціславу Чаховічу. Яго прызналі вінаватым у апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 КК РБ). Маладога чалавека пакаралі штрафам у памеры 290 рублёў. На судзе высветлілася, што графіці не мела палітычнага характару.