Панядзелак, 15 Лістапад 2021

«Нешта не тое размясціла ў інтэрнэце». У доме блогеркі Алены Янушкоўскай прайшоў ператрус

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Алена Янушкоўская Алена Янушкоўская

Віцебская блогерка Алена Янушкоўская ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца за межамі Беларусі, але міліцыянты з’явіліся з ператрусам ў яе хату ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёну, дзе зараз жыве прыёмная дачка блогеркі з двума дзецьмі. Дачцэ паведамілі, што вобшук робяць праз тое, што яе маці «нешта не тое размясціла ў інтэрнэце», паведамляе служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Як распавяла прыёмная дачка Алены Янушкоўскай Святлана, міліцыянты шукалі незарэгістраваную сімволіку ды распытвалі, ці вярталася яе маці дахаты і ці не збіраецца зрабіць гэта найбліжэйшым часам. Пра тое самае міліцыянты распытвалі і суседзяў-аднавяскоўцаў, а прыёмнай дачцэ патлумачылі, што ператрус робяць, бо маці «нешта не тое размясціла ў інтэрнэце».

Алена Янушкоўская мусіла пакінуць Беларусь праз судовы пераслед і пакаранні адміністрацыйнымі арыштамі нібыта за ўдзел у мінулагодніх пратэстах. Блогерка рабіла з іх стрымы і размяшчала на сваім відэаканале «Настоящая Беларусь». Адзін з апошніх відэаролікаў і стаў непасрэднай прычынай ператрусу.

«Мой відэаролік «Малітва за Беларусь з Вячаславам Барком» трапіў у пералік так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Ініцыявала гэта ўсё пракуратура Расонскага раёну. Ксёндз Вячаслаў Барок служыў у Расонскам касцёле і таксама з’ехаў з Беларусі, бо яго вінавацілі ў «экстрэмісцкіх» выказваннях у ягоным відэаблогу», – патлумачыла Алена Янушкоўская.

«Малітва за Беларусь» – гэта цыкл акцый, якія праводзяць у Варшаве беларусы, што былі вымушаныя з’ехаць у Польшчу. Алена Янушкоўская дапамагае ў арганізацыі гэтых сустрэч і вядзе з іх наўпроставыя трансляцыі.