Справу разглядае суддзя Наталля Карабліна. Паводле матэрыялаў папярэдняга следства, Александрына Міхаложына ў перыяд ад 5 кастрычніка да 25 лістапада 2020 году (дакладна вызначыць дату следчым не ўдалося) на тытунёвы шапік «Табакерка» фарбай чырвонага колеру нанесла «дэструктыўны» надпіс «3%».
Шапік размешчаны на аўтобусным прыпынку паблізу дому №16 па вуліцы актораў Яроменкаў у мікрараёне Білева ў Віцебску. На погляд следства, дзяўчына мела намер папсаваць маёмасць, бо выкарыстоўвала неабходныя інструменты і матэрыялы, а менавіта – аэразольны балончык, запраўлены фарбай чырвонага колеру. Сума шкоды склала 70 рублёў.
На судзе Міхаложына прызнала віну цалкам. Распавяла, што знаходзілася ў закрытых Telegram-групах, але на несанкцыянаваныя мітынгі не хадзіла. Праўда, адзін раз была затрыманая міліцыянтамі на прыпынку гарадскога транспарту ля месца, дзе нібыта меўся адбыцца мітынг. Падчас ператрусу ў яе знайшлі бел-чырвона-белы сцяг.
Дзяўчына распавяла, што надпіс на шапіку наносіла ўначы разам са сваёй знаёмай, ад якой нібыта і сыходзіла ініцыятыва. Даты дакладна не памятае, але пераконвала, што гэта быў кастрычнік. Нанесла на шапіку лічбу «3». А вось хто дадаў знак «%» і чырвоныя гарызантальныя лініі, не ведае. Заявіла, што яны з'явіліся на шапіку праз тры-чатыры дні пасля гэтага. Прызналася і ў тым, што размяшчала ўлёткі палітычнага зместу. Клеіла іх на дошках абʼяваў каля падʼездаў, але тыя не хацелі трымацца і падалі долу. Усё гэта адбывалася цягам адной ночы. Сцвярджала, што больш такім ні яна, ні яе знаёмая не займаліся.
У якасці сведкі на судзе апыталі і сяброўку абвінавачанай Валерыю, справа ў дачыненні якой спынілі праз адсутнасць доказаў яе віны. Сведка даводзіла, што ў тую ноч менавіта Александрына прапанавала ёй прагуляцца, а калі яны падышлі да прыпынку, Міхаложына рэзка дастала з заплечніка балончык і нанесла надпісы «3%». Сцвярджала, што пабачыўшы, што робіць Александрына, яна напалохалася і збегла з прыпынку.
У судзе апыталі яшчэ трох сведкаў. Прадстаўнік філіялу «Віцебск-тытунь» СЗАТ «Энерга-оіл» пацвердзіў факт афарбоўкі сценаў прыпынку і шапіку на суму 70 рублёў. Прадстаўнікі МУС пацвердзілі факт нанясення надпісаў на шапік і сцены прыпынку.
Напрыканцы паседжання абвінавачаная заявіла, што раскайваецца ва ўчыненым і больш не будзе псаваць чужую маёмасць.
Спрэчкі бакоў адбудуцца 18 лістапада. Паседжанне прызначанае на 14.30.
Ян Сведка