Са згоды бакоў суддзя Наталля Карабліна агучыла толькі выніковую частку прысуду. За псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкметаў больш цяжкага злачынства паводле арт. 341 КК суд прызначыў Александрыне Міхаложынай пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 100 базавых велічыняў (2900 рублёў).
Меру стрымання да набыцця прысудам законнай моцы суд пакінуў ранейшую – падпіска аб нявыездзе. Абмежаванне права на выезд з Рэспублікі Беларусь суд пастанавіў адмяніць таксама пасля набыцця прысудам законнай моцы.
Аптычныя дыскі, носьбіты інфармацыі, як рэчавыя доказы, вырашана пакінуць пры крымінальнай справе цягам усяго тэрміну захоўвання. Саскробы чырвонай фарбы і БЧБ-палотнішча суддзя пастанавіла знішчыць. Арышт, накладзены на маёмасць Міхаложанай, не адменены.
Тэрмін для добраахвотнай аплаты штрафу – два месяцы пасля набыцця прысудам законнай моцы. Суддзя Карабліна папярэдзіла Міхаложыну, што ў выпадку злоснага ўхілення ад выканання пакарання, штраф можа быць заменены на арышт або абмежаванне волі.
Падчас судовага следства Міхаложына папярэджвала суд, што пасля выплаты двух крэдытаў з яе заробку на жыццё застаецца толькі 150-200 рублёў. Таксама сцвярджала, што ёй дапамагаюць фінансава бацька і бабуля.
Ян Сведка