Бээнэфаўцы добраўпарадкавалі пахаваньне ахвяр камунізму пад Віцебскам (відэа)
29 траўня віцебскія актывісты добраўпарадкавалі пахаваньне ахвяр сталінізму каля вёскі Паляі Віцебскага раёну. Тут у 1930-50-я гады адбываліся расстрэлы мірных грамадзян. Некалькі гадоў таму каля вёскі Паляі зьявіліся першыя крыжы, усталяваныя ў памяць пра бязьвінных ахвяраў. Некалькі разоў крыжы зьнішчалі, але зьяўляліся новыя. Цяпер мэмарыял, зроблены рукамі актывістаў, уяўляе сабой 5 драўляных і два зялезныя крыжы. Адзін з крыжоў вышынёй пад 6 мэтраў з надпісам «Ахвярам таталітарнага рэжыму».
Віцебскія гаварыпраўдаўцы хочуць ведаць, куды ідуць іх грошы
Актывісты “Гавары праўду” зь Віцебску правялі падпісную кампанію пад патрабаваньнем да мясцовых уладаў даць справаздачу аб расходаваньні сродкаў гарадзкога бюджэту. Пад зваротам, адрасаваным у мясцовыя выканаўчыя ворганы ўлады “Хочам ведаць, куды ідуць нашы грошы!», падпісалася звыш зп пяцьдзясят чалавек.
«Шпіёна» Андрэя Гайдукова будуць судзіць у Віцебску
Абвінавачанага ў «здрадзе Радзіме» Андрэя Гайдукова будуць судзіць у Віцебскім абласным судзе. Пра гэта паведаміла яго маці Вольга Гайдукова. «Андрэя неўзабаве этапуюць у Віцебск. Яго справу будзе разглядаць Віцебскі абласны суд, але, наколькі я ведаю, пакуль што сын знаходзіцца ў Менску», - адзначыла маці палітычнага вязьня. Яна дадала, што матэрыялы справы ўжо перададзеныя ў суд.
Дырэктары школ і каледжаў Віцебску баяцца БНФ?
Абласны старшыня партыі БНФ Леанід Аўтухоў зьвярнуўся да кіраўнікоў навучальных установаў Віцебску з заявамі, у якіх прасіў даць магчымасьць інфармацыйна-прапагандысцкай групе партыі правесьці сустрэчы з работнікамі ўстановаў. Вынік чаканы: на ніводную з 54-х заяў не было атрымана станоўчага адказу. Але нечаканасьцю стала іншая акалічнасьць: высьветлілася, што працаўнікі на ніве асьветы дрэнна ведаюць законы.
Міліцыянт-садыст сядзіць ў Віцебскай калёніі ПК-3
Зьбіцьцё, катаваньні, і іншыя зьдзекі гэткага кшталту з грамадзян і таварышаў па службе - стыль працы супрацоўніка праваахоўнай сыстэмы цяперашняй беларускай дзяржавы маёра Дзінаса Лінкуса – былога намесьніка Гайдукевіча, начальніка Фрунзэнскага РУУС Менску. Грамадзянская кампанія «Наш дом», якая зьведала на сабе зьдзекі Лінкуса ўважліва адсочвала месцазнаходжаньне гэтага ката. У рэшце рэшт, актывістам кампаніі ўдалося высьветліць, што садыст-гвалтаўнік, які працяглы час адбываў пакараньне пад хатнім арыштам, за калючы дрот усё ж такі зьмешчаны.
КПЧ ААН: Улады Беларусі парушылі правы наваполацкіх актывістаў
Камітэт па правох чалавека ААН прыняў яшчэ адно рашэньне, у якім прызнаў Рэспубліку Беларусь парушальніцай грамадзянскіх і палітычных правоў жыхароў краіны. Згодна з чарговым рашэньнем камітэту, у 2007 годзе наваполацкі суд несправядліва пакараў мясцовых актывістаў Валера Шаўчэнку (35 базавых велічынь) і Антона Ясіновіча (25 базавых велічынь) за нібыта парушэньне Выбарчага кодэксу.
Віцебчукі просяць Лукашэнку спыніць «катаваньне фэстывалямі»
Жыхары некалькіх дамоў, што знаходзяцца побач з плошчай Перамогі, адрэагавалі на мерапрыемствы газпромаўскага карпаратыву «Факел», што прайшлі літаральна пад іх вокнамі: яны зьвярнуліся да кіраўніка краіны з калектыўным лістом. Каля 50-ці чалавек, якія падпісалі ліст, просяць прэзыдэнта «як гаранта Канстытуцыі і законнасьці ў краіне» «цьвёрдай рукой» разабрацца ў сытуацыі і забараніць правядзеньне забаўляльных імпрэзаў на цэнтральнай плошчы Віцебску пасьля 23:00 гадзін. Копіі ліста накіраваныя таксама старшыням гар- і аблвыканкаму.
Студэнтка Віцебскага мэдунівэрсытэту адмовілася супрацоўнічаць з КДБ (відэа)
Студэнтка Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Ганна Папкова адмовілася супрацоўнічаць з КДБ. Пра гэта яна распавяла ў аўтаінтэрвію і выклала відэа ў інтэрнэт. Супрацоўнік КДБ прыйшоў да дзяўчыны ва ўнівэрсытэт і паспрабаваў завербаваць. Ёй прапаноўвалася “стучаць” на чалавека, які мае дачыненьне, на думку КДБ, да выбуху ў Віцебску. Гаворка вядзецца пра выбух, які прагрымеў ля будынку КДБ у Віцебску 11 лістапада мінулага году. Ніхто не пацярпеў. У злачынстве абвінавачваецца 42-гадовая жанчына, жыхарка Віцебску.
У Віцебску адкрылі мэмарыяльную дошку краязнаўцу, замардаванаму за часамі Сталіна
Мэмарыяльная дошка ў гонар Мікалая Касьпяровіча — выбітнага беларускага навукоўца, які загінуў у жорнах сталінскіх рэпрэсіяў — была адкрытая ў Віцебску 21 траўня на будынку №4 па вуліцы Крылова. Дагэтуль Касьпяровіч ў Беларусі быў ушанаваны толькі самаробнай дошкай у вёсцы Ізабалёва Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці, дзе ён нарадзіўся 21 траўня (паводле новаму стылю) 1900 году.
Суд не задаволіў пазоў Антаніны Піванос
17 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску завяршылася разьбіральніцтва па справе з цалкам прадказальным вынікам. Мяркуйце самі: звычайная пэнсіянэрка падала пазоў на кампэнсацыю калісьці канфіскаванай у яе вышыўкі. Але гэтая простая справа звычайнай віцебскай пэнсіянэркі можа мець для Беларусі ня толькі палітычны, але і велізарны эканамічны эфэкт. Бо за сьпіной у пэнсіянэркі стаіць ня толькі праўда, але і Камітэт па правох чалавека ААН.