Панядзелак, 18 Лістапад 2024

Заасфальтаваную дарогу даўжынёй менш за кіламетр дзяржСМІ падаюць як «гісторыю поспеху»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Шумілінская раённая газета «Герой працы» з захапленем апісвае, як «па просьбах вяскоўцаў адрамантавалі дарогу». Тае дарогі, якая знаходзіцца ў Каўлякоўскім сельсавеце, усяго 853 метры. Безумоўна, новы асфальт на вёсцы – справа патрэбная. Але «раёнка» пішы пра гэтую падзею так узнёсла, як быццам бы пра палёт у космас.

«Не дарога, а проста песня! Роўная, без ямін, можна смела ехаць хоць на самакаце, хоць на веласіпедзе. Вялікі дзякуй кіраўніцтву раёна, дарожным работнікам за клопат і старанне!» - цытуе выданне словы жыхаркі вёскі Бондарава.

Новы асфальт, паводле «раёнкі», з'явіўся не таму, што дбаць пра інтарэсы жыхароў – абавязак мясцовай улады. А таму, што «падчас дня работы з насельніцтвам у Каўлякоўскім сельсавеце да прадстаўнікоў раённай улады звярнуліся жыхары вёскі Бондарава з просьбай адрамантаваць дарогу». Вось толькі ў якім годзе быў той самы «дзень», не здакладняецца.

Але нескладаны пошук на сайце раённага выдання выдае інфармацыю, што на стан дарог у Каўлякоўскім сельсавеце мясцовыя жыхары скардзіліся і ў далёкім 2012-м годзе, і трохі пазней – у 2016-м...

Перад чарговай прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй мясцовыя ўлады ствараюць «прыгожую карцінку» - дэманструюць дасягненні апошніх 30-ці гадоў. Пахваліцца Каўлякоўскаму сельсавету асабліва няма чым: колькасць насельніцтва скарачаецца, вёскі стаяць бязлюдныя, хіба толькі «дачнікі» з'яўляюцца ўлетку, працы практычна няма... Вось і даводзіцца хваліцца хаця б тым, што тут палажылі 853 метры новага асфальту.

Рэгіна Шолах