17.11.2024 Пасля падзей 2020 года ў нашай краіне працягваецца беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсій. Беларусаў дагэтуль працягваюць пераследваць за падзеі чатырохгадовай даўніны: пазбаўляюць волі за ўдзел у акцыях пратэсту, за публічнае выказванне нязгоды з дзеяннямі ўладаў і іншую палітычную актыўнасць. Перад сёмымі прэзідэнцкімі выбарамі хваля рэпрэсій узмацнілася: па ўсёй краіне ладзяцца вобшукі і затрыманні.
У Беларусі з 4 па 16 лістапада разглядалі 91 палітычна матываваную крымінальную справу, у межах якіх судзілі 113 чалавек. Мінімум 10 судовых працэсаў праходзілі ў закрытым рэжыме. У палітычных судах у згаданы перыяд прымалі ўдзел мінімум 64 суддзі. Найбольш распаўсюджаны крымінальны артыкул, па якім судзілі беларусаў – “народны” артыкул 342 КК. Па ім судзілі 37 чалавек. Агулам паводле дыфамацыйных артыкулаў судзілі 59 чалавек.
Распавядаем пра палітычна матываваныя крымінальныя суды за апошнія два тыдні.
Мінімум 37 чалавек судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
- Скрыншот з "пакаяльнага відэа", запісанага пасля хупуна ў Фаніпалі. Сярод атрыманых - Ілля і Алеся Жыбурт.
З чацвёртага па 16 лістапада судзілі 37 чалавек паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Нярэдка іх судзяць адразу групамі. Так, у судзе Дзяржынскага раёна 11 лістапада пачалі судзіць Іллю і Алесю Жыбурт паводле арт. 342 КК. Іх затрымалі восьмага жніўня ў Фаніпалі разам з яшчэ двума жыхарамі горада.
У судзе Ленінскага раёна Брэста пятага лістапада пачалі судзіць чарговую групу за ўдзел ў пратэсных акцыях: Міхаіла Ляшкевіча, Іллю Мельнічука, Дзмітрыя Максімука паводле арт. 342 КК.
Вядома, што Дзмітрыя Максімука затрымалі ў снежні 2024 году. На відэа, якое апублікавалі праўладныя каналы, бачна, што да яго прыйшлі як мінімум трое ўзброеных сілавікоў у экіпіроўцы. На камеру затрыманы берасцеец казаў, што быў на акцыі пратэсту на праспекце Машэрава, а таксама, што прайшоў рэгістрацыю ў чаце-боце "Перамога" і адпраўляў інфармацыю ў чат-бот праекта "Голас".
У судзе Ленінскага раёна Брэста шостага лістапада асудзілі Артура Трушко, Вадзіма Кутасевіча і Аліну Новікаву паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Шурын.
Трушко і Кутасевічу прызначылі па аднаму году і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Новікавай — два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Суды паводле дыфамацыйных артыкулаў: каментары пра Лукашэнку і сілавікоў
Актыўна працягваюцца палітычна матываваныя суды за інтэрнэт-каментары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. За мінулы два тыдні ў Беларусі судзілі 13 чалавек за каментары пра Лукашэнку. Звычайна іх трактуюць, як "абраза Лукашэнкі" і заводзяць крымінальныя справы паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Іншы дыфамацыны артыкул, па якім судзяць за выказванне пра палітыка – "паклёп на Лукашэнку" (арт. 367КК). Па ім судзілі 10 чалавек. За "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) таксама было судзілі 10 чалавек. За "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" судзілі мінімум 26 чалавек (арт. 130 КК).
Сям’ю мінскага бізнэсмена Генадзя Саўрыцкага пачалі судзіць 13 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" паводле арт. 130 КК.
У сям'і дзве дачкі. Адна з іх, Віялета, у адной справе з бацькамі. Ёй 23 гады, яна скончыла школу ў Мінску, пасля паступіла ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў. Дзяўчына захапляецца фатаграфіяй і любіць падарожжы.
У Мінскім гарадскім судзе 12 лістапада пачалі судзіць жыхара Латвіі Юрыйса Ганінса. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: "дыскрэдытацыя Беларусі" (арт. 369-1 КК), "паклёп на Лукашэнку" (ч. 2 арт. 367 КК) і "заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі "санкцый" (ч. 2 арт. 361 КК). Юрыйсу пагражае да дзесяці гадоў калоніі.
Сутнасць абвінавачвання невядомая, а працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Справу разглядае Аляксандр Рыбакоў.
У Гродзенскім абласным судзе 11 лістапада пачалі разгляд крымінальнай справы супраць Дзмітрыя Голуба паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Працэс вядзе суддзя Дзмітрый Бубенчык.
Пра затрыманне Дзмітрыя стала вядома 7 сакавіка. Ён паведамлялася ў праўладных тг-каналах, мужчына нібы ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту, а таксама пакідаў абразлівыя каментары пра сілавікоў і расійскіх вайскоўцаў.
Суд над палітзняволеным фатографам за "фінансаванне экстрэмісцкага фармавання"
Палітвязня Арцёма Зянькова пачалі судзіць 6 лістапада у Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць у "фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання" (арт. 361-2 КК). Звычайна па такіх артыкулах судзяць за данаты. Іншыя падрабязнасці справы невядомыя. Судовы працэс вядзе суддзя Жанна Брысіна.
Арцём Зянькоў з Мінска 40 гадоў. Вядома, што ён займаецца фатаграфіяй і мае фірму, якая дае ў арэнду фотаабсталяванне. У мужчыны ёсць жонка і непаўналетняе дзіця.
Замена "хатняй хіміі" ці "хіміі" на калонію
З чацвёртага кастрычніка па 16 лістапада адбылося 20 судовых працэсаў па замене абмежавання волі на пазбаўленне волі асуджаных па палітычных справах.
За "здраду дзяржаве" за два мінулыя тыдні судзілі 10 чалавек
У Магілёўскім абласным судзе 14 лістапада пачалі судзіць былога палітвязня Паўла Чуркіна, якога затрымалі па падазрэнні ў супрацоўніцтве з Галоўным упраўленнем разведкі Міністэрства абароны Украіны. Мужчыну абвінавачваюць у "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК), а таксама ў "падрыхтоўцы да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце" (ч. 1 арт. 361-3 КК).
У Брэсцкім абласным судзе ў закрытым рэжыме чацвёртага лістапада судзілі Уладзіслава і Таццяну Кашчэевых паводле ч. 1 і 2 арт. 356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса. Абставіны справы і сутнасць абвінавачвання невядомыя.
У Мінскім гарадскім судзе чацвёртага лістапада працягвалі судзіць траіх чалавек, затрыманых па справе аб “падрыхтоўцы тэрактаў”: Івана Ліхалата, Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча. Ім інкрымінавалі шэсць крымінальных артыкулаў, сярод якіх “здрада дзяржаве” (арт. 356 КК).
Пераслед палітвязняў і актывістаў
Фігурант "справы Ціханоўскага" Аляксандр Арановіч знаходзіцца ў зняволенні амаль чатыры з паловай гады. Апошнія пяць месяцаў палітвязня ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада. У красавіку 2021 года яго асудзілі да шасці гадоў калоніі паводле двух крымінальных артыкулаў. Пазней Аляксандру ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў магілёўскую турму.
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 14 лістапада пачалі разглядаць новую крымінальную справу супраць палітвязня — за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы" (ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса). Працэс вядзе суддзя Вікторыя Палякова.
У Бабруйску 12 лістапада пачалі разглядаць справу 52-гадовага палітвязня Сяргея Канавалава. Адміністрацыя бабруйскай калоніі № 2 ініцыявала узбуджэнне справы супраць Сяргея паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Цяпер яму могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення. Працэс вядзе суддзя Павел Карцінін.