15.11.2024 Тэгі: палітвязні, катаванні, даклады Справаздача "Як успрымаюць справядлівасць людзі, якія перажылі катаванні і/або жорсткае абыходжанне" прысвечана таму, як успрымаюць справядлівасць беларусы і беларускі, якія сутыкнуліся з дзяржаўным гвалтам падчас і пасля масавых пратэстаў 2020 года. Дакумент ўяўляе сабой унікальнае даследаванне справядлівасці з трох частак: прававы аналіз, псіхалагічныя аспекты і сацыялагічныя дадзенныя. Публікуем асноўныя высновы са справаздачы.
Прававы раздзел выяўляе структурныя бар'еры як у беларускай, так і міжнароднай сістэмах, тлумачыць абмежаваныя магчымасці для прыцягнення да адказнасці. Псіхалагічная частка раскрывае доўгатэрміновыя наступствы катаванняў і адмовы ў правасуддзі, падкрэсліваючы важнасць прызнання і аказання тэрапеўтычнай дапамогі. Сацыялагічны аналіз дае ўяўленне аб чаканнях, цяжкасцях і нездаволеных патрэбах пацярпелых праз вынікі маштабнага апытання і цытаты з глыбінных інтэрв'ю.
Публікацыя стала магчымай у выніку сумеснай працы Праваабарончага цэнтру "Вясна" і Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (як спецыяльнага праекта Прававой ініцыятывы, якая працуе ў рамках Міжнароднай платформы па адказнасці за Беларусь). Групу даследчыкаў узначаліў кандыдат сацыялагічных навук Генадзь Коршунаў. Унёсак у напісанне справаздачы таксама зрабілі прафесарка клінічнай псіхалогіі Універсітэта Усходняга Лондана Німіша Патель і юрысты "Вясны" і Міжнароднага камітэта.
Поўны тэкст справаздачы даступны па спасылцы.
Асноўныя высновы
Адсутнасць у беларусаў досведу абароны сваіх правоў не дазваляе ім выказваць свае патрэбы
Справаздача выявіла значны прабел у вопыце абароны правоў чалавека сярод беларускіх грамадзян, асабліва тых, хто падвергся катаванням і жорсткаму абыходжанню. Гэта нястача прыводзіць да цяжкасцяў у фармуляванні і артыкуляцыі запатрабаванняў у сферы прававой і сацыяльнай падтрымкі.
Розніца ў адказах, атрыманых падчас глыбінных інтэрв'ю і колькаснага апытання, паказвае, што многія беларусы і беларускі, якія перажылі гвалт, сутыкаюцца з бар'ерамі, якія перашкаджаюць ім адкрыта выказваць свае патрэбы.
У інтэрв'ю рэспандэнты былі менш схільныя казаць аб сваіх патрэбах, часта асцерагаючыся наступстваў ці не бачачы сэнсу ў падобных заявах. У той жа час у ананімных апытаннях тыя ж людзі часцей адзначалі запатрабаванне ў рэабілітацыі і кампенсацыях. Гэтае замкнёнае кола — страх перад каральнымі дзеяннямі з боку ўлады, недавер да правасуддзя і пачуццё адсутнасці падтрымкі — душыць здольнасць пацярпелых патрабаваць паўнавартаснага аднаўлення справядлівасці.
Надзея на хуткую справядлівасць у Беларусі згасае, вера ў міжнародную падтрымку слабая
Большасць рэспандэнтаў (84%) лічаць, што шанцы на правасуддзе ў Беларусі ў найбліжэйшы час вельмі малыя або практычна адсутнічаюць. Гэты песімізм тлумачыцца жорсткім кантролем рэжыму над прававой сістэмай і жорсткім прыгнечаннем іншадумства. Акрамя таго, 64% пацярпелых сумняваюцца, што міжнародныя арганізацыі або іншыя краіны дапамогуць ім дабіцца справядлівасці.
Успрыманне справядлівасці мяняецца, але прага да яе не згасае
З пачатку рэпрэсій у 2020 годзе погляды пацярпелых на справядлівасць змяніліся. Сорак працэнтаў апытаных зараз патрабуюць больш суровага пакарання вінаватых у дзяржаўным гвалце, што значна больш у параўнанні з мінулымі паказчыкамі. У той жа час 16% выказваюць надзею проста на спыненне гвалту. Гэты зрух паказвае нарастальнае расчараванне і перакананне, што пры адсутнасці правасуддзя патрэбны суровыя наступствы для вінаватых, каб аднавіць справядлівасць.
Нягледзячы на змрочныя перспектывы правасуддзя ў Беларусі, імкненне да справядлівасці застаецца моцным. Каля 93% рэспандэнтаў ужо распачалі актыўныя дзеянні, такія як дакументацыя кейсаў у праваабарончых арганізацыях, удзел у інтэрв'ю ці падтрымка ініцыятыў у галіне праваабароны. Акрамя таго, 40% пацярпелых падавалі скаргі ў беларускія органы, такія як Пракуратура, суды і Следчы камітэт. Пры гэтым толькі 9% звярнуліся па дапамогу ў міжнародныя арганізацыі.
Індывідуальнае пакаранне для вінаватых, міжнародны трыбунал і кампенсацыі
Большасць рэспандэнтаў (84%) лічаць, што ступень вінаватасці і пакаранне для тых, хто ўчыніў злачынствы, павінны вызначацца ў індывідуальным парадку, а не мець калектыўны характар. Таксама, 56% рэспандэнтаў лічаць, што вінаватыя павінныя быць пазбаўленыя права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю, а 47% выступаюць за турэмнае зняволенне, уключаючы пажыццёвае.
Ідэя міжнароднага ўмяшання карыстаецца шырокай падтрымкай: 46% апытаных падтрымліваюць стварэнне міжнароднага трыбунала для Беларусі. Яшчэ 34% мяркуюць, што справядлівасць павінна перамагчы ў беларускіх судах пасля змены ўлады.
Ахвяры патрабуюць не толькі пакарання вінаватых, але і ўсебаковай справядлівасці, у тым ліку пакрыццё шкоды. Апытанне паказала, што 87% рэспандэнтаў хочуць кампенсацыі за матэрыяльную шкоду, у тым ліку выдаткі на лячэнне і канфіскаваную маёмасць, 82% лічаць прыярытэтам медыцынскую і псіхалагічную рэабілітацыю, а 80% хочуць аднавіць сваю грамадскую рэпутацыю. Шэсць працэнтаў апытаных мяркуюць, што ў першую чаргу вызначыць тып і ступень адказнасці вінаватых у тым, што здарылася, павінен суд у іншай дэмакратычнай краіне ў рамках універсальнай юрысдыкцыі.
Страх, недахоп ведаў і апатыя перашкаджаюць ахвярам дабівацца справядлівасці
Многія пацярпелыя сутыкаюцца з сур'ёзнымі перашкодамі на шляху да правасуддзя. Недахоп бяспекі і страх адплаты — не толькі для сябе, але і для сваіх сем'яў — дзейнічаюць як важныя стрымальныя фактары. Акрамя таго, 76% указваюць на бессэнсоўнасць пошуку правасуддзя ў Беларусі, улічваючы абсалютную ўладу рэжыму.
Доступ да правасуддзя ўскладняецца і адсутнасцю ведаў аб міжнародных механізмах. Недастатковая падтрымка з боку міжнароднай супольнасці таксама ўзмацняе песімізм пацярпелых.
Наступствы траўмы для тых, хто выжыў і іх сем'яў
Псіхалагічныя наступствы катаванняў для беларускіх пацярпелых застаюцца глыбокімі. Адсутнасць правасуддзя спараджае “працяг катавання” у выглядзе хранічнай траўмы, што адбіваецца на асабістым і сямейным жыцці. Аб псіхалагічных праблемах, такіх як трывожнасць, флэшбэкі і кашмары, заявілі 58% рэспандэнтаў, а яшчэ 40% гавораць аб немагчымасці весці поўнае жыццё і адчуваць радасць.
Траўма закранае не толькі саміх пацярпелых, але і іх сем'і і блізкіх. Якія перажылі катаванні і жорсткае абыходжанне сутыкаюцца з цяжкасцямі ў выхаванні дзяцей, праблемамі ў адносінах і другаснай траўмай, перанесенай членамі сям'і.
Неабходна фінансавая, юрыдычная і псіхалагічная падтрымка. Уцекачам патрэбна дапамога з легалізацыяй
Глыбокія інтэрв'ю выявілі тры галоўныя напрамкі падтрымкі для аднаўлення: псіхалагічная дапамога, медыцынская рэабілітацыя і дапамога ў атрыманні віду на жыхарства ў краінах знаходжання. Фінансавая дапамога, хоць і ўспрымаецца як другарадная ці нават сорамная просьба, у анкетах аказалася самым запатрабаваным відам падтрымкі (39%), за якім ідуць юрыдычная дапамога і псіхалагічная падтрымка.
Уцекачы таксама сутыкаюцца з асаблівымі цяжкасцямі, звязанымі з пераездам і зменай месца жыхарства: моўныя бар'еры (36%), страта ранейшага статусу, уключаючы прафесійны (26%), і праблемы з легалізацыяй у краіне знаходжання (25%).
Сапраўдная справядлівасць патрабуе сістэмных змен
Для многіх пацярпелых правасуддзе ўключае як асабістую адказнасць, так і сістэмныя змены, такія як грамадскае прызнанне і структурныя рэформы. Кампенсацыя за матэрыяльны (87%) і маральны (76%) ўрон, медыцынская і псіхалагічная рэабілітацыя (82%) і аднаўленне рэпутацыі (80%) разглядаюцца як ключавыя аспекты.
Падзенне рэжыму Лукашэнкі, спыненне рэпрэсій і паляпшэнне сітуацыі ў месцах зняволення разглядаюцца як самастойныя формы аднаўлення справядлівасці адпаведна 76% і 53% пацярпелых.
Многія ахвяры ўспрымаюць сваё імкненне да правасуддзя як частку больш шырокай мэты сістэмных пераўтварэнняў для ўстаранення першапрычын дзяржаўнага гвалту.
Ахвяры ставяць бяспеку на першае месца, але захоўваюць надзею на будучыню
Часта справядлівасць разглядаецца як мэта, якой можна будзе дасягнуць толькі ў будучыні, на фоне бягучых клопатаў аб бяспецы і выжыванні. Нявызначанасць у дасягненні правасуддзя прыводзіць да таго, што многія пацярпелыя засяроджваюцца на дакументаванні парушэнняў і праваабарончай дзейнасці як на кроках да будучага правасуддзя.
Заключэнне
Шлях да правасуддзя для людзей, якія перажылі катаванні і жорсткае абыходжанне, у Беларусі закрыты. Ва ўмовах, калі аднаўленне справядлівасці ўнутры краіны немагчымае, а любыя актыўныя дзеянні жорстка падаўляюцца, пацярпелыя вымушаны звяртацца па падтрымку і прызнанне да міжнароднай супольнасці. Глабальны адказ павінен быць стратэгічным і рашучым, падаючы юрыдычнае прызнанне і неабходную дапамогу для аднаўлення жыцця пацярпелых у выгнанні.
Дакументаванне парушэнняў застаецца важным інструментам на шляху да будучага правасуддзя. Акрамя таго, яно дазваляе аддаць належнае сіле і стойкасці тых, хто перажыў гвалт, і дае ім магчымасць унесці свой уклад у фарміраванне гістарычнай памяць. Злачынствы не застануцца ў забыцці.
Прымаючы на сябе абавязацельствы па абароне годнасці і правоў ахвяр, міжнародная супольнасць дэманструе калектыўную рашучасць змагацца з беспакаранасцю. Дзякуючы агульнай рашучасці можна дабіцца справядлівасці, спрыяючы фарміраванню бачання будучыні, у якой ахвяры будуць адчуваць сябе ў бяспецы, будуць пачуты і надзелены правамі і магчымасцямі.
Апублікавана справаздача аб успрыманні справядлівасці тымі, хто перажыў катаванні ў Беларусі
Файлы
- analytical-research_bel.pdf (2.31 Mb)
Крыніца: Апублікавана справаздача аб успрыманні справядлівасці тымі, хто перажыў катаванні ў Беларусі