Субота, 18 Май 2013

Суд не задаволіў пазоў Антаніны Піванос

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Антаніна Піванос Антаніна Піванос

17 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску завяршылася разьбіральніцтва па справе з цалкам прадказальным вынікам. Мяркуйце самі: звычайная пэнсіянэрка падала пазоў на кампэнсацыю калісьці канфіскаванай у яе вышыўкі. Але гэтая простая справа звычайнай віцебскай пэнсіянэркі можа мець для Беларусі ня толькі палітычны, але і велізарны эканамічны эфэкт. Бо за сьпіной у пэнсіянэркі стаіць ня толькі праўда, але і Камітэт па правох чалавека ААН.

Гэтая гісторыя распачалася яшчэ ў 2008 годзе на Дзень Волі. Успамінае Антаніна Піванос:

- Ідэя вышыць малітву ў мяне нарадзілася даўным-даўно - нават ня 5 гадоў таму. Я тады хадзіла, прыглядалася, думала - як лепш будзе зрабіць. Тады я яе вырашыла зрабіць менавіта на беларускай мове - не на латыні і не на стараславянскай… Хаця для мяне гэта было вельмі цяжка, паколькі я па нацыянальнасьці ўкраінка. І абавязкова чырвонымі ніткамі на белым ільне. Атрымалася досыць доўгая вышыўка - прыкладна зь мяне ростам. Вельмі складана было яе вышываць. Па-першае, трэба было падабраць шрыфт - я першапачаткова размалявала ўвесь сшытак; потым трэба было падагнаць пад памер… Да таго ж, гэткая праца ў мяне першая і такое даецца сапраўды цяжка, тым больш па льне. Залеская Алена Васільеўна, валадарства ёй нябеснае, брала ўдзел у вырабе гэтага гафту. Справа ў тым, што вышыўка прасьвечвалася, дык Алена Васільеўна яе падрабляла, падшыла па краёх.

У той дзень (25-га сакавіка 2008 г.) сабралася шмат журналістаў. Пяць гадоў таму ў той дзень у Віцебску быў нейкі гармідар: міліцыя ўсюды, і ў цывільным былі. У той дзень разам з намі (Залеская, Хамайда) затрымалі і Баршчэўскага. Але ж тады ніхто не скандаліў, усё было прыстойна і мірна. Калі я дарыла вышыўку Барысу Хамайду - дык усе сталі прасіць - «Пакажы хоць, што там». Вось я яе і разгарнула. Потым аддала Барысу - мы паглядзелі, дзе яна будзе вісець, павесілі яе. Ну, я і пайшла дадому. Я нават адышла мэтраў на 50 - і тут да мяне падыходзіць міліцыянт і кажа: «Вы арыштаваныя». Я кажу: “А за што?”. Ён мне і адказвае: «Прыедзем у аддзел міліцыі, вы ведаеце - за што». Мы і паехалі ў РАУС ва «ўазіку». Тады з намі і Баршчэўскага затрымалі, але яго амаль адразу ж і адпусьцілі - як журналіста.

Потым пратакол склалі, дагляд зладзілі… Але хаця які там дагляд - я б гэта назвала прымусам да «добраахвотнай» здачы бел-чырвона-белай сымболікі. Напрыклад, у той жа Залесскай быў шалік. Дык гэта ж шалік - не накінуты сьцяг. Дык яна амаль усё зьняла - але шалік упарта не хацела здымаць… Шчыра кажучы, ведаючы яе характар, я ня ведаю, як яны зь яе зьнялі гэты шалік, але ўсё ж яны гэта зрабілі, думаю, што нейкім падманам… Памятаю, калі у іх шалік апынуўся, яны сказалі - можаце ўжо апранацца. Для іх гэта - як чырвоная ануча на быка. Пасьля гэтага былі пратаколы…

Ну а потым - на ўазік і ў суд павезьлі. Ужо ў судзе, як я ні даказвала, што ў мяне нічога не было, і мяне затрымалі нават ня ў момант дарэньня - усё было бескарысна. Сказалі, што я трымала ў рукох габэлен з малітвай і таму вінаватая. Малітву тады канфіскавалі ў даход дзяржавы, а мне далі 2 базавыя велічыні штрафу. Што гэта за краіна такая, дзе за малітву да 70-гадовых мірным пэнсіянэраў ставяцца горш, чымся да самых апошніх хуліганаў, якія лаюцца матам у грамадзкіх месцах. Мы ж сапраўды нічога не выкрыквалі і нікому не заміналі.

Пасьля разам зь віцебскім праваабаронцам Леанідам Сьвецікам мы падавалі апэляцыю ў віцебскі абласны і, потым, Вярхоўны суды. Вынік усюды адзін і той жа - падстаў для зьмены прысуду няма. Вычарпаўшы ўсе магчымасьці тут, мы падалі скаргу ў ААН. І вось на пачатку гэтага году прыйшоў афіцыйны адказ на русейскай мове аб задавальненьні маёй скаргі. Мы пасьля гэтага і падалі пазоў у суд Чыгуначнага раёну Віцебску. Але, здаецца, нашай дзяржаве і гэта ня ўказ… Будзем змагацца далей - падаваць у Генэральную пракуратуру і Вярхоўны Суд.

Варта адзначыць, што пэнсіянэрка падала пазоў на Міністэрства фінансаў Беларусі і патрабавала камп’нсаваць ёй 7 мільёнаў рублёў: свой гафт яна ацаніла ў 5 мільёнаў (ручная праца, памер - 0,9×0,64 мэтраў, тэрмін выкананьня - паўгода); 2 мільёны ў якасьці маральнай шкоды і плюс да гэтага судовыя выдаткі. Прадстаўнікі праваахоўных ворганаў у суд не зьявіліся, паколькі ў гэтыя дні ў Віцебску праходзіў «газпрамаўскі карпаратыў» «Факел» ды, імаверна, як і ўвесь горад, усе былі на яго абслугоўваньні.

Прадстаўнік адказчыка (Міністэрства фінансаў) пазоў не прызнаў, паколькі адміністрацыйная справа не была адмененая, а, згодна зь беларускім заканадаўствам, толькі ў гэтым выпадку робіцца кампэнсацыя. Апроч таго, Міністэрства замежных спраў патлумачыла, што рашэньне Камітэту па правох чалавека носіць «рэкамэндацыйны» характар…

Найбольш красамоўна сутнасьць справы выказаў у спрэчках адвакат Антаніны Піванос Міхаіл Замалін. Ён заявіў літаральна наступнае:

- Прэзыдэнт РБ пацьвердзіў сваё забавязаньне перад КПЧ ААН і пацьвердзіў сваю згоду падпарадкоўвацца. Але тут ёсьць супярэчнасьць паміж тым, што напісала намесьніца міністра замежных спраў і КПЧ. Апошні кажа, што дзяржава абавязаная падпарадкавацца. Сёньня мы павінны вырашыць - што ж важней нашай краіне: сьцьверджаньне нашага чыноўніка, або забавязаньні нашай дзяржавы. Забавязаньні павінны быць сьвятыя, непарушныя і не перакручаныя ніякімі чыноўнікамі. Бо калі адбудзецца іншае, дык выходзіць, што дзяржава адмаўляецца ад усіх сваіх абавязальніцтваў.

Калі мы адступіліся ад аднаго, мы можам не зважаць і на ўсё астатняе. Складзецца сытуацыя, як калі Гітлер уварваўся ў рымскую дэмілітарызаваную зону, наўпрост праглынуўшы ўсе свае ранейшыя забавязаньні. Мы, дэмакратычная краіна, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, не павінны пераймаць гнюса, заклеймаванага гісторыяй. Дзяржава ня можа да такога апускацца. Пакрыцьцё шкоды - гэта патрабаваньне справядлівасьці. З аднаго боку на шалях - гэта пакрыцьцё шкоды, пра якую казьне і прыгадваць мусіць быць сорамна, зь іншага боку - аўтарытэт нашай дзяржавы.

Наконт пазыцыі адказчыка: яна зводзіцца да таго, што пастанова, якая ўступілі ў законную сілу, не скасаваная і ня абскарджаная. Так, але трэба ўлічваць, што ўсё гэта - нашы ўнутраныя законы. А 8-ы артыкул Канстытуцыі кажа пра тое, што мясцовае заканадаўства працуе тады, калі яно адпавядае цалкам і ні ў чым не супярэчыць міжнародным нормам, якія мы ўхвалілі, падпісалі і прызналі. Таму лічу гэтыя пярэчаньні юрыдычнай казуістыкай, паколькі прыярытэт бясспрэчны.

На жаль, суд прыняў рашэньне не на карысьць аўтарытэту Рэспублікі Беларусь: судзьдзя Валянціна Кавалёва адмовіла ў задавальненьні пазову Антаніны Піванос, матывуючы сваё рашэньне «неабгрунтаванасьцю».

Сытуацыю камэнтуе віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік:

- Гэта першая гэткая справа ў Беларусі за ўсю гісторыю нашай краіны з моманту фактычнай ратыфікацыі Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. На жаль, наша дзяржава фактычна не прымае рашэньне КПЧ аб выдзяленьні кампэнсацыяў. Мабыць, папросту першасны суд не захацеў браць на сябе такую адказнасьць. Варта, вядома, разумець, што станоўчае рашэньне па гэтым пытаньні пасьля справакавала б шмат пазоваў. А гэта ўжо страты. Акрамя таго, гэта было б паразай - а дзяржава не прызвычаілася мець паразу.

Хоць, зь іншага боку, церпіць аўтарытэт краіны. Бо ўсе міжнародныя агенцтва пра гэта скажуць. Гэта будзе зафіксавана ў Камітэце па правах чалавека ААН. Дзяржава фактычна не выконвае свае забавязаньні - будзе сказана пра тое, што мы адмаўляемся выконваць рашэньне КПЧ. Выходзіць, што дакумэнты падпісалі, забавязаньні ўзялі: а хочам - выконваем іх, ня хочам - не выконваем. Прывяду такі прыклад. Скажам, калі мы ўступаем у СГА, судовая сыстэма павінна быць бесьпярэчнай ў дачыненьні да міжнароднага права. Бо калі суды ня будуць прыслухоўвацца да незалежных кампэтэнтных ворганаў, дык, напрыклад, тыя ж інвэстары і сур’ёзныя партнэры наўрад ці захочуць сюды ісьці. Выходзіць, што гэты працэс мае ня толькі палітычны, але і эканамічны эфэкт, што для Беларусі вельмі важна.

Найбліжэйшым часам Антаніна Піванос мяркуе напісаць адпаведны зварот у Генэральную пракуратуру і Вярхоўны Суд. Час пакажа: наколькі гэтыя ворганы заклапочаныя аўтарытэтам дзяржавы перад міжнароднай супольнасьцю.

“Наша пакаленьне”