Леанід Аўтухоў паведаміў, што амаль палова дырэктараў школ, гімназіяў і каледжаў ды рэктараў ВНУ тым ці іншым чынам парушылі закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Так, у адказах, атрыманых з 15-ці вучэбных установаў, адсутнічае інфармацыя аб парадку іх абскарджаньня. Двое кіраўнікоў – дырэктар сярэдняй школы № 25 і рэктар мэдычнага ўнівэрсытэту – прадэманстравалі зьняважлівае стаўленьне да беларускай мовы: на заявы, напісаныя па-беларуску, яны адказалі не на мове звароту, як таго патрабуе згаданы закон, а па-расейску. І, нарэшце, 9 дырэктараў наогул праігнаравалі заяву старшыні БНФ – у вызначаныя законам тэрміны ад іх не было атрымана ніякіх адказаў.
Факты ўхіленьня ад разгляду заяваў і нядача на іх адказаў асабліва абурылі Леаніда Аўтухова. Ён зьвярнуўся ў адміністрацыі раёнаў, на тэрыторыі якіх разьмешчаныя адпаведныя навучальныя ўстановы, з просьбай распачаць працэсуальныя дзеяньні, прадугледжаныя Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях, і ў выпадках, калі правапарушэньні будуць выяўленыя, прыцягнуць вінаватых службовых асоб да адказнасьці. Аналягічныя просьбы былі накіраваныя і ў раённыя пракуратуры.
Аднак ані ўлады, ані супрацоўнікі пракуратур ніякіх парушэньняў у дзеяньнях нядбайных дырэктараў школаў і каледжаў збольшага ня ўбачылі. Маўляў, вінаватыя не яны, а дрэнна спрацавала пошта: у адных выпадках заказных лістоў на іх адрас навучальныя ўстановы зусім не атрымлівалі, у іншых – лісты атрымалі і адказалі на іх, аднак чамусьці адказы недзе згубіліся на шляху да адрасата.
Зрэшты, у адміністрацыі аднаго з раёнаў Віцебску (Чыгуначнага) прызналі, што парушэньні з боку дырэктараў сярэдніх школаў № 9 і № 27 і гімназіяў № 2 і № 4 усё-такі мелі месца. І нават паведамілі, што гэтыя службовыя асобы «прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці». Пры тым – ані слова пра прыцягненьне вінаватых да адказнасьці ў адпаведнасьці з адміністрацыйным кодэксам.
Не сьпяшаецца і пракуратура Чыгуначнага раёну: пракурор паведаміў Аўтухову, што ягоная заява накіраваная на разгляд у аддзел адукацыі раённай адміністрацыі, і пасьля гэтага – цішыня. Дык што дырэктары школ – правапарушальнікі могуць спаць спакойна: ім, хутчэй за ўсё, не пагражаюць штрафы ў памеры ад 400 тысяч да 2 мільёнаў, прадугледжаныя кодэксам за невыкананьне закону «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», бо неўзабаве мінае двухмесячны тэрмін з моманту зьдзяйсьненьня правапарушэньняў, цягам якога могуць быць накладзеныя адміністрацыйныя спагнаньні; па заканчэньні гэтага тэрміну справы ў адносінах да іх мусяць быць спыненыя…