15.11.2024 Тэгі: палітвязні, культура, правы чалавека 15 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень пісьменніка ў няволі. У 1981 годзе гэты дзень быў абвешчаны Міжнародным ПЭН-клубам у падтрымку пісьменнікаў, якія знаходзяцца за кратамі. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім свеце адзначаюць гэты дзень, каб прыцягнуць увагу да несправядлівага зняволення пісьменнікаў і пісьменніц у розных краінах. Паводле падлікаў Беларускага ПЭНа, цяпер у зняволенні ўтрымліваюцца як мінімум 38 людзей Слова. Агулам яны асуджаныя да 238 гадоў пазбаўлення і абмежавання волі.

Узгадваем літаратараў, якія ўтрымліваюцца ў турмах за адкрытае выказванне свайго меркавання і грамадска-палітычнай пазіцыі.

Беларускія пісьменнікі заўсёды займалі актыўную грамадска-палітычную пазіцыю падчас важных гістарычных падзеяў нашай краіны. Ад Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча  і Францішка Багушэвіча ў 19 стагоддзі да Якуба Коласа і Францішка Аляхновіча ў 20 стагоддзі. У адказ на жорсткі і бесчалавечны гвалт з боку сілавікоў пасля несумленных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года шматлікія пісьменнікі ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, а таксама публічна выказвалі нязгоду з дзеяннямі ўладаў. Некаторыя беларусы пачалі сваю літаратурную дзейнасць толькі ў зняволенні, апісваючы жахлівыя ўмовы ўтрымання, парушэння правоў вязняў і турэмны побыт. Так узнік корпус так званай турэмнай літаратуры. А ў 2013 годзе Беларускім ПЭНам сумесна з “Радыё Свабода” была заснаваная літаратурная прэмія імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.

Беларускі ПЭН сістэмна займаецца маніторынгам парушэння культурных правоў і збірае інфармацыю ў тым ліку пра пераслед людзей Слова.

На сённяшні дзень за кратамі знаходзіцца 38 людзей Слова: 10 жанчын і 28 мужчын. Агулам яны асуджаныя на 238 гадоў пазбаўлення і абмежавання волі. Пісьменнікаў судзілі паводле распаўсюджаных палітычных крымінальных артыкулаў: за ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342), "заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі" (арт. 361), "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4), "здраду дзяржаве" (арт. 356), "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130) і іншыя.

Самы вялікі тэрмін для пісьменніка. 20 гадоў турмы Ігару Аліневічу

ihar-alinevicz_.jpg
Ігар Аліневіч

Самы вялікі тэрмін сярод людзей Слова прызначылі аўтару кнігі турэмнай прозы “Еду ў Магадан” палітзняволенаму Ігару Аліневічу20 гадоў турмы ва ўмовах строгага рэжыму. Ігар – актывіст анархісцкага руху, быў затрыманы восенню 2020 года пры пераходзе беларуска-украінскай мяжы. Яго разам з іншымі анархістамі абвінавацілі ў падпале міліцэйскага аўтамабіля і будынку ДАІ. Актывіста асудзілі зімою 2021 года паводле ч. 2 арт. 289 (Акт тэрарызму), ч. 2 і 4 арт. 295 (незаконны дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і ч. 1 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу забароненых рэчываў) Крымінальнага кодэксу.

Кнігу-дзённік "Еду ў Магадан" Ігар напісаў у 2013 годзе, калі адбываў папярэдні тэрмін па "справе анарістаў".  У тым жа годзе Ігар стаў першым лаўрэатам прэміі імя Аляхновіча і атрымаў галоўную ўзнагароду за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.

Сям’я людзей Слова за кратамі

kacjaryna-andreeva_ihar-iljasz_.jpg
Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Ігар Ільяш

Сямейная пара Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Ігар Ільяш – аўтары кнігі 2020 года "Беларускі Данбас", у якой аналізуецца ўдзел беларусаў і беларускіх уладаў у вайне ва Украіне як на баку Украіны, так і на расійскім.

Кацярыну затрымалі ў 2020 годзе падчас вядзення стрыму для тэлеканалу "Белсат" з Плошчы Перамен у Мінску, калі сілавікі ладзілі зачыстку мерарыялу ў памяць аб забітым Рамане Бандарэнка. Зімою 2021 года Кацярыну асудзілі па "народным" артыкуле на два гады калоніі. А ўжо вясною 2022 года стала вядома, што журналістцы прад’явілі новае абвінавачванне паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса і прызначылі восем гадоў і тры месяцы калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Журналіста Ігара Ільяша затрымалі ў кастрычніку 2024 года. У “пакаяльным” відэа ён казаў, што нібы даваў інтэрв’ю медыям, якія беларускія ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Цяпер ён утрымліваецца пад вартай.

Дацэнт кафедры беларускай мовы і аўтарка кнігі пра назвы беларускага аддзення

sivickaja_staravoitava.jpg
Надзея Старавойтава (злева) і Наталля Сівіцкая

Наталля Сівіцкая і Надзея Старавойтава працавалі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры на кафедры беларускай і рускай моваў. Акрамя гэтага Наталля – аўтарка кнігі "Назвы адзення ў гаворках беларускай мовы".

Жанчын затрымалі летам 2023 года за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года. Асудзілі ў кастрычніку 2023 года паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса на тры гады "хатняй хіміі" кожную. 

Літаратуразнаўца, аўтар кніг і былы дырэктар музея Багдановіча

ales-bjaljacki_.png
Алесь Бяляцкі

Старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі вядомы яшчэ і як даследчык літаратуры, у 90-х – дырэктар літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча. Таксама Алесь – аўтар шэрагу кніг, частка з якіх была напісаная ў няволі. За кнігу "Іртутнае срэбра жыцця", выдадзеную ў 2014 годзе ён быў узнагароджаны прэміяй імя Аляхновіча.

Летам 2021 года Алеся Бяляцкага разам з паплечнікамі затрымалі  ў межах крымінальнай справы за іх легальную праваабарончую дзейнасць.

У сакавіку 2023 года Алесю Бяляцкаму прызначылі дзесяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 2 арт. 342 (фінансаванне дзейнасці, што груба парушае грамадскі парадак) і арт. 228 (Кантрабанда) Крымінальнага кодэкса.

Доктар гуманітарных навук, якога абвінавацілі ў спробе дзяржперавароту

aljaksandr-fjaduta_.jpg
Аляксандр Фядута

Палітолага і літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту затрымалі разам іншымі асобамі ў Маскве ў 2021 годзе ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам). На судзе Аляксандр прызнаў віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачванні матывамі. У выніку восенню 2022 года Фядуту асудзілі на дзесяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Аўтар шэрагу кніг, а таксама палітычнай біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі.

Аўтарка казак, журналістка газеты, заснавальніца часопіса маладога мастацтва

jana-cehla_.jpg
Яна Цэгла

Літаратарку Яну Цэглу затрымалі ў красавіку 2023 года за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Амаль праз два месяцы Яны асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса на два гады абмежавання волі (“хатняй хіміі”).

Яна правацала журналісткай газеты “Літаратура і мастацтва”, а таксама заснавала ўласны часопіс маладога беларускага мастацтва “Маскарад”.

Рэпрэсаваныя аўтары тэкстаў песень

ilin_halavacz.jpg
Аляксандр Ільін (злева) і Дзмітрый Галавач

За публічную праяву сваёй грамадска-палітычнай пазіцыі за краты патрапілі аўтары песень Дзмітрый Галавач з рагачоўскага гурта "Torband" i Аляксандр Ільін, саліст магілёўскага гурта "Nizkiz".

Дзмітрыя затырмалі ў кастрычніку 2022 года разам з іншымі дваімі ўдзельнікамі гурта. Спачатку Дзмітрыю некалькі разоў запар прызначалі адміністрацыйны арышт, пасля чаго завялі крымінальную справу паводле чатырох крымінальных артыкулаў: арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Падчас знаходжання музыкаў у няволі гурт "Torband" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем", а песню "Родная зямля" – "экстрэмісцкай". Восенню 2023 года Дзмітрыя Галавача асудзілі на дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пра затрыманне ўсіх траіх удзельнікаў гурта "Nizkiz" стала вядома напачатку студзеня 2024 года. Спачатку музыкаў асудзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" да адміністрацынага арышту, пасля чаго завялі крымінальную справу.

Аляксандра Ільіна, лідара гурта і аўтара тэкстаў песень, як і іншых музыкаў, абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе і ў сакавіку 2024 года асудзілі на два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі "хатняй хіміі".

Адвакат, паэт і аўтар турэмнай прозы ў рэжыме інкамунікада

maksim-znak_.png
Максім Знак

Адваката, сябра Каардынацыйна рады і вядомага юрыста Максіма Знака затрымалі ў верасні 2020 года, пасля ператрусу ў кватэры даставілі ў Следчы камітэт на допыт. Максім Знак займаўся юрыдычным напрамкам у штабе палітыка Віктара Бабарыкі. Супраць адваката завялі крымінальную справу па шэрагу арыткулаў, у тым ліку аго абвінавачвалі ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" (ч. 1 арт. 357 КК).

Максіма Знака асудзілі ў верасні 2021 года паводле трох крымінальных арыткулаў: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім) да дзесяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Максім утрымліваецца ў няволі ў рэжыме інкамунікада.

Максім Знак – аўтра кнігі турэмных апавяданняў "Зэкамерон", якую ён напісаў у зняволенні. Таксама ён піша аўтарскія песні, раней удзеьнічаў у песенным фестывалі "Бардаўская восень".

Рэдактарка беларускага "Карлсана" і моўная кансультантка

nastassja-macjasz_.png
Анастасія Мацяш

Журналістку і філалагіню Анастасію Мацяш затрымалі восенню 2023 года. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. Згодна з матэрыяламі следства, Анастасія з’яўлялался моўнай кансультанткай у тэлеканале "Белсат", якія беларускія ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".

У красавіку 2024 года Анастасію асудзілі паводле ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) Крымінальнага кодэкса на два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Анастасія Мацяш – філолаг, рэдактарка перакладу кнігі Астрыд Ліндгрэн "Малы і Карлсан, які жыве на даху".

Крыніца: Сёння адзначаецца Міжнародны дзень пісьменніка ў зняволенні. У беларускіх турмах утрымліваецца 38 людзей Слова