15.11.2024 Тэгі: культура, правы чалавека, асвета Журы прэміі імя Францішка Аляхновіча 15 лістапада абвясціла імёны пераможцаў і лаўрэатаў за 2024 год. Як паведамляе Беларускі ПЭН, некаторыя пераможцы і лаўрэаты схавалі свае імёны дзеля ўласнай бяспекі.
Пераможцамі прэміі прэміі імя Францішка Аляхновіча сталі:
Віка Біран з кнігай "Я танцую" Ліса з творамі (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна) палітзняволены Дзяніс Івашын з "Цыклам турэмных вершаў"
Лаўрэатамі прэміі сталі:
Бервета Ірзвіцкая з цыклам вершаў (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна) Мар’ян Зораў з вершамі, напісанымі ў зняволенні (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна)
Праваабаронца “Вясны” Алена Лапцёнак, намінантка прэміі, атрымала спецыяльную адзнаку за ўкладанне кнігі "Турэмны зборнік. Творы беларускіх палітвязняў 2020–2023" і за шматгадовую працу ў выдавецкай ініцыятыве "Беларуская турэмная літаратура", што дае магчымасць пачуць галасы палітычных зняволеных.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснаваная Беларускім ПЭНам сумесна з “Радыё Свабода” ў 2013 годзе. Уручаецца за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісаў, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу года.