Панядзелак, 18 Лістапад 2024

Жыхары аграгарадка Бабінавічы тры гады змагаюцца, каб іх дом ацяпляўся электрычнасцю. Раней за 2028 год ім нічога не абяцаюць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пакуль жыхары дома №29 па вуліцы Аршнскай аг. Бабінавічы, што ў Лёзненскім раёне, як і раней, ацяпляюць сваё жытло дровамі. Хаця яшчэ ў 2022 годзе адразу 60 жыхароў Бабінавіч падалі адпаведную заяўку. Больш за тое: ужо збудавана падстанцыя, і большасць кватэр у суседнім доме №27 ужо падключана да электраацяплення.

Паводле адмыслоўцаў, праблема з падключэннем палягае ў тым, што ў доме №29 не зрабілі капітальны рамонт, які з'яўляецца абавязковай умовай для правядзення работ.

Жывуць у доме 1979 года пабудовы ў асноўным людзі пажылыя, якія ўсё жыццё аддалі мясцовай гаспадарцы, лясніцтву, школе. Цягаць дровы прыходзіцца з сараяў, размешчаных за 500 метраў ад дома ў даліне раўчука, спускаючыся і паднімаючыся на крутую горку. Для пенсіянераў пераадольваць па некалькі разоў у дзень такі шлях, які яны жартам называюць «дарогай жыцця», вельмі нават няпроста, асабліва зімой.

Першапачаткова дом №29 быў унесены ў план капрамонту на 2024 год, а потым графік пачаў ссоўвацца. І цяпер, згодна з праграмай капітальнага рамонту жыллёвага фонду Лёзненскага раёна, размешчанага на афіцыйным сайце УП ЖКГ, значыцца 2028-ы.

Старэйшына аграгарадка і дэпутатка мясцовага сельсавета Святлана Гаўруцікава ўжо не ведае, як дапамагчы землякам. Давялося звяртацца да памочніка Прэзідэнта па Віцебскай вобласці С.У. Ляўковіча, пасля гэтага ў доме былі зроблены рамонт даху і замена інжынерных сетак. Але гэта далёка не ўсё, што трэба зрабіць: дом сапраўды вымагае капрамонту. 11 лістапада ў рамках Адзінага дня прыёму грамадзян членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання ў Лёзненскім раённым выканаўчым камітэце прыём грамадзян член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Ігар Сяргееў . Святлана Гаўруцікава звярнулася і да яго. Але Ігар Сяргееў нічога канкрэтнага не паабяцаў.

Паводле чыноўнікаў райвыканкама, дзеля будучага капітальнага рамонту яшчэ толькі вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя. Калі яе зробяць, тады трэба будзе шукаць сродкі, але выглядае, што раней за 2028 год нічога не будзе.

Ягор Мыслівец