Панядзелак, 20 Май 2013

У Віцебску адкрылі мэмарыяльную дошку краязнаўцу, замардаванаму за часамі Сталіна

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мэмарыяльная дошка ў гонар Мікалая Касьпяровіча — выбітнага беларускага навукоўца, які загінуў у жорнах сталінскіх рэпрэсіяў — была адкрытая ў Віцебску 21 траўня на будынку №4 па вуліцы Крылова. Дагэтуль Касьпяровіч ў Беларусі быў ушанаваны толькі самаробнай дошкай у вёсцы Ізабалёва Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці, дзе ён нарадзіўся 21 траўня (паводле новаму стылю) 1900 году.

Ініцыятыва ўсталяваньня мэмарыльнай дошкі аднаму зь першых краязнаўцаў Беларусі ў Віцебску паўстала стараньнямі сучаснага вядомага краязнаўцы Аркадзя Падліпскага. Стварылі дошку два віцебскія скульптары — Іван Казак і Аляксандар Гвозьдзікаў. Грошы на яе выраб сабралі нашчадкі Мікалая Касьпяровіча. Пасьля шэрагу ўзгадненяў з вышэйстаячымі інстанцыямі віцебскія ўлады далі дазвол на яе ўсталяваньне.

У доме №4 па вуліцы Крылова Мікалай Іванавіч жыў у 1926 годзе, гэта вядома дзякуючы абвестцы пра сход краязнаўцаў у газэце “Віцебскі рабочы”. Таксама дошку можна было б разьмясьціць на сучасным будынку КДБ, дзе ў тыя гады разьмяшчаўся Віцебскі акруговы аддзел адукацыі, інспэктарам якога працаваў Касьпяровіч. Трэці будынак, повязь якога з жыцьцём краязнаўцы ўстаноўленая, знаходзіўся ў раёне сучаснай абласной бібліятэкі, але не ацалеў.

На ўрачыстасьці, прымеркаваныя да 113-х угодкаў з дня нараджэньня выбітнага навукоўца, прыехалі яго родныя зь Вялікага Ноўгарада: унучка Галіна Касьпяровіч, праўнук Яўген Белацелаў і прапраўнучка Кацярына Белацелава. Яны далучыліся да пляменьніка Мікалая Касьпяровіча —Анатоля Касьпяровіча і ўнучатага пляменьніка — Сяргея Касьпяровіча, якія жывуць у Віцебску. Таксама прысутнічалі вядомы віцебскі краязнаўца і журналіст Аркадзь Падліпскі, кандыдат мастацтвазнаўства дацэнт ВДУ Аляксандар Лісаў, кандыдат філялягічных навук дацэнт ВДУ Юры Бабіч, намесьнік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музэю па навуцы Валер Шышанаў, намесьнік упраўленьня культуры Віцебскага аблвыканкаму Пётар Падгурскі.

Ад белага пакрывала новую віцебскую мэмарыяльную дошку вызвалілі адзін зь яе скульптараў Аляксандар Гвозьдзікаў, унучка краязнаўцы Галіна Касьпяровіч і Пётар Падгурскі. У сваёй прамове спадар Гвозьдзікаў пашкадаваў, што з-за абарванага ў 37 гадоў чэкісцкай куляй жыцьця, Мікалай Касьпяровіч шмат чаго не пасьпеў зрабіць, і адзначыў, што душа выбітнага чалавека павінна быць зараз на небе, а яго каты круціцца ў кіпячай смале ў пекле.

Мікалай Іванавіч Касьпяровіч (1900-1937) – выдатны дзеяч беларускай навукі, славуты краязнаўца. Яго імя непарыўна зьвязанае з гісторыяй станаўленьня Беларускай акадэміі навук, ён – адзін з арганізатараў масавага краязнаўчага руху ў Беларусі. Галіны яго навуковай дзейнасьці разнастайныя – мовазнаўства, гісторыя беларускай культуры, літаратуры, мастацтва. Нарадзіўся 9 (21) траўня 1900 году ў маёнтку Ізабалёва Ігуменскага павету Менскай губэрні (зараз Пухавіцкі раён Менскай вобласьці) у сям’і арандатара.

Цікавым і насычаным самастойнай арганізатарскай, мэтадычнай, навуковай працай стаў пэрыяд жыцьця М.І. Касьпяровіча, зьвязаны зь Віцебскам. Пасьля ўваходжаньня часткі тэрыторыі Віцебскай губэрні ў склад Беларускай ССР у памежным з Расеяй краі разгарнулася вялікая мэтанакіраваная праца па вяртаньні і аднаўленьні беларускай нацыянальнай культуры. Справа была падмацаваная дзяржаўнай палітыкай беларусізацыі. Для вядзеньня арганізацыйнай працы ў гэтым накірунку М.І. Касьпяровіч быў прызначаны Наркаматам асьветы БССР на пасаду інспэктара Віцебскага акруговага аддзелу адукацыі з пачатку жніўня 1924 г. Віцебскі пэрыяд непрацяглага жыцьця Мікалая Іванавіча зусім кароткі – два гады (з восені 1924 г. да восені 1926 г.) – насычаны вялікімі справамі. Менавіта ў Віцебску ён распачаў многія свае працы, якія мелі плённы працяг у далейшай яго навуковай і арганізатарскай дзейнасьці, былі пакладзеныя ў аснову яго друкаваных прац. Адначасова гэтыя справы мелі вялікае значэньне для віцебскага асяродку.

Галоўным накірункам дзейнасьці М.І. Касьпяровіча ў Віцебску стала краязнаўчая праца. З ініцыятывы і пры непасрэдным яго кіраўніцтве было ўтворанае Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Калі быць дакладным, фармаваньне краязнаўчай грамадзкай арганізацыі ў Віцебску распачалося яшчэ напярэдадні прыезду М.І. Касьпяровіча, але менавіта яго намаганьнямі акруговая арганізацыя зрабілася сталай, абапіраючыся ў сваёй працы на сетку мясцовых (павятовых) і ніжэйшых (школьных) арганізацыяў. Краязнаўчае таварыства аб’ядноўвала больш за 1000 сяброў. Яно працавала ва ўзгадненьні з праграмай дзейнасьці Інстытуту беларускай культуры, першай беларускай навковай арганізацыі, утворанай у 1922 г., якая была рэарганізаваная ў 1928 г. у Беларускую акадэмію навук.

Віцебскае краязнаучае таварыства разгарнула значную выдавецкую дзейнасьць. Былі выдадзеныя ў 1925 і 1928 гг. два выпускі краязнаўчага альманаху Віцебшчыны, які не толькі друкаваў дасьледаваньні Віцебскага краю, але меў вялікае мэтадычнае значэньне для арганізацыі краязнаўства. Выдаваліся асобныя працы І.П. Фурмана, А.А. Шлюбскага. У Віцебску выдадзеныя кнігі Касьпяровіча “Беларуская архітэктура”, “Беларускі арнамэнт”, у яго разам з З.І. Горбаўцам перакладзе зь нямецкай мовы праца А. Іпеля “Беларускае мастацтва”. Усе гэтыя невялічкія кніжкі адыгралі значную ролю ў станаўленьні беларускай мастацтвазнаўчай навукі.

М.І. Касьпяровіч падтрымаў справу арганізацыі ў Віцебску мясцовай філіі літаратурага аб’яднаньня “Маладняк”, зь дзейнасьцю якога зьвязаныя імёны шэрагу таленавітых маладых літаратараў новай Беларусі. У Віцебску М.І. Касьпяровіч распачаў справу вяртаньня мясцовай моўнай спадчыны краю. Праграма зьбіраньня мясцовага слоўніку беларускай мовы выконвалася пры каардынацыі з агульным плянам Інстытуту беларускай культуры. Слоўнікавы матэрыял, сабраны віцебскімі краязнаўчымі арганізацыямі пад кіраўніцтвам Касьпяровіча, ім апрацаваны, мае вялікае значэньне і для сёньняшняга дня, калі паўстае праблема вяртаньня сапраўднай беларускай мовы, не забруджанай расейскім моўным уплавам.

Касьпяровіч разьдзяліў лёс значнай, калі ня большай, часткі тагачаснай беларускай інтэлегенцыі — ён быў арыштаваны ГПУ БССР 29 чэрвеня 1930 году па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы АГПУ СССР ад 10 кастрычніка 1931 зьняволены ў лягерах тэрмінам на 5 гадоў (Асінкі Кемераўскай вобл.). Пасьля вызваленьня вярнуцца на Беларусь не дазволілі і з 1935 года Касьпяровіч жыў у Новасыбірску, выкладаў расейскую мову і літаратуру ў тэхнікуме сувязі. Паўторна арыштаваны 28 жніўня 1937 года; паводле пастановы ад 17 сьнежня 1937 году прыгавораны да расстрэлу. Паводле першага прысуду рэабілітаваны 19 верасьня 1960 году Вярхоўным судом БССР, паводле другога — 14 лютага 1958 году Ваенным трыбуналам Сыбірскай ваеннай акругі.

Крыніца: Народныя навіны Віцебска