«Сьледзтва павінна было скончыцца 17 траўня, але яго зноў працягнулі на месяц, гэта значыць да 17 чэрвеня. У пятніцу ў Андрэя быў адвакат, і мы перадалі пасылку з прадуктамі і прадметамі асабістай гігіены. Мне да гэтага часу не дазваляюць сустрэцца з сынам. Я ўжо пісала заяву на імя старшага сьледчага, але мне было адмоўлена. Цяпер, калі матэрыялы справы перададзеныя ў суд, я яшчэ раз паспрабую дамагчыся дазволу на сустрэчу», - падкрэсьліла Вольга Гайдукова.
Нагадаем, паводле афіцыйнай інфармацыі, Андрэя Гайдукова затрымалі «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія цікавяць замежныя спэцслужбы». Гэтае абвінавачваньне многія лічаць бессэнсоўным. Грамадзянская кампанія «Эўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася пра тое, што актывіста затрымалі за распаўсюджваньне газеты «Хартыя’97». Праваабаронцы перасьлед Гайдукова зьвязваюць зь яго апазыцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.
Крыніца: Хартыя'97