15.11.2024 Тэгі: палітвязні, псіхалагічная дапамога На дадзены момант у Беларусі статус былога палітвязня атрымалі 2366 чалавек. Гэта значыць, што мінімум столькі людзей прайшлі праз зняволенне ў межах крымінальнай справы і сутыкнуліся з аднаўленнем пасля яго. За гэтымі гісторыямі стаяць не толькі асабістыя шляхі адаптацыі, а таксама вялікія высілкі па дапамозе іх сямей, родных, блізкіх і сяброў. Як дапамагчы чалавеку пасля зняволення? Як падрыхтавацца да яго вызвалення? Адразу адзначым, што ўніверсальных парадаў не існуе, бо кожны чалавек і яго досвед унікальны. Але мы прывядзем тое, што раюць былыя палітзняволеныя і праваабаронца.
"Толькі родныя і блізкія, хто спачувае, могуць дапамагчы жыццю верыць у будучыню"
Ірына Шчасная, якую ўтрымлівалі ў зняволенні амаль чатыры гады, у нашым інтэрв'ю распавядала пра складанасці рэсаалізацыі. Самым эфектыўным спосабам яна назвала праводзіць час сам-насам:
"Вось проста быць адной у кватэры ці адной шпацыраваць па горадзе. Гэта самае лепшае…
Я маю запіс да спецыяліста, бо я разумею, што самой будзе цяжка вярнуцца да таго стану, які быў да затрымання. Магчыма, гэта будуць нейкія лекі. Мне вельмі прыкра ад таго, што мне вельмі цяжка знаходзіцца з людзьмі, якія мне нічога дрэннага не зрабілі. Мне вельмі цяжка знаходзіцца ў людскім асяроддзі, нават сярод сваіх. Сам факт знаходжання сярод людзей — натуральны іспыт для мяне. Стаіш і думаеш, каб хутчэй збегчы дадому і нікога не бачыць. Я разумею, што так жыць усё жыццё нельга і трэба нешта рабіць. Да затрымання я была вельмі адкрытай, з усімі камунікавала, у мяне было шмат сяброў. А цяпер нешта адбылося за гэты час..."
Пазней сваёй старонцы ў фэйсбуку Ірына падзялілася парадамі з тымі, хто чакае сваіх родных са зняволення (перадрукоўваем з яе згоды):
- Падрыхтуйце жытло. Чалавеку пасля калоніі вельмі важна ведаць, што ў яго ёсць сапраўдны прытулак.
- Кожную хвіліну будзьце са сваім родным. Чалавек пасля калоніі можа баяцца іншых людзей, але заўжды будзе туліцца да тых, хто быў побач "да".
- Кажыце свайму блізкаму, што вы заўжды побач, что падтрымліваеце яго ва ўсім.
- Ня трэба звяртаць увагі на залішнюю эмацыйнасць. Проста спытайце, ці давядзіце да шчырай размовы.
- Абавязкова абмяркуйце стан здароўя вашага блізкага. Падтрымайце яго, нават калі дыягназ вас не суцешыць. Толькі родныя і блізкія, хто спачувае, могуць дапамагчы жыццю верыць у будучыню!
"Адміністрацыя прыклала руку, каб жыццё ператварылася ў пекла" — Ірына Шчасная пра гады ў калоніі № 4
"Будзьце побач і падтрымлівайце чалавека"
Былая палітзняволеная Ася Булыбенка таксама падзялілася сваім вопытам адаптацыі пасля вызвалення. Яна распавяла пра крокі, якія дапамогуць лепш зразумець і падтрымаць вызваленага чалавека ў яго шляху да звычайнага жыцця:
- Вельмі важна проста быць побач і слухаць, калі чалавеку хочацца распавядаць пра турму, нават калі ён паўтарае адну і тую ж гісторыю.
- Не чакайце ад чалавека імгненных адказаў. Камунікаванне ў першыя дні пасля вызвалення можа быць цяжкім для псіхікі.
- Не прымайце на свой рахунак рэзкія змены настрою былога палітвязня. Гэта частка адаптацыі.
- Дапамагайце сацыялізавацца палітвязню.
"Вызваленне палітвязня — гэта безумоўная радасць і шчасце! Але, на жаль, вярнуцца да нармальнага жыцця таксама бывае няпроста... Будзьце побач і падтрымлівайце чалавека. Ваша любоў абавязкова палегчыць адпатацыю і дапаможа вашаму блізкаму!"
"Думала, што калі засну, то прачнуся зноў у камеры". Экс-палітзняволеныя — пра свой псіхалагічны стан з абодвух бакоў кратаў
"Самыя звычайныя і простыя рэчы"
Былы зняволены Ягор Яўстратаў звярнуў увагу на тое, што няма і не можа быць ўніверсальных парадаў, бо кожны чалавек асаблівы:
"Нерэальна даць універсальныя парады, якія падыйдуць усім ці нават большасьці. Тут усё залежыць ад псіхатыпу самога вызваленага. Камусьці трэба час, каб пабыць адному, а хтосьці наадварот хоча быць побач са сваёй сям'ёй".
Ягор узгадвае, як яго сустрэлі вялікай сям'ёй каля самой калоніі і адвезлі ў летнюю кавярню.
"Такія самыя звычайныя і простыя рэчы [дапамаглі]. Для мяне гэта ўсё было ўнавінку. Бо была ўжо не камера і дворык для шпацыру, а людзі, якія могуць самі хадзіць у краму... Але да гэтага хутка звыкаеш".
"Не проста спрачацца з тым, хто адной нагой стаіць у цябе на спіне". Вялікае інтэрв'ю з асуджаным за акцыю, спланаваную сілавікамі
"Важна распавесці чалавеку пасля зняволення пра асноўныя правілы бяспекі на волі"
Таксама праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук звяртае ўвагу на тое, што людзі пасля працяглага зняволення не да канца могуць ацаніць сітуацыю ў дзяржаве, таму важна растлумачыць ўсе рызыкі небяспекі:
"Трэба распавесці чалавеку пасля зняволення пра асноўныя правілы бяспекі і новую рэчаіснасць, у якой мы аказаліся. Бо некаторыя палітзняволеныя толькі цяпер вяртаюцца дадому, напрыклад, пасля аднаго з Маршаў у 2020 годзе. Уся інфармацыя, якую вязні атрымліваць пра сітуацыю ў краіне, гэта ці з дзяржаўных медыя і прапагандысцкіх фільмаў пра "экстрэмістаў", ці абрывістая інфармацыя ад адвакатаў і спатканняў з роднымі (калі такія прадастаўляліся). Варта распавесці ўжо відавочныя для нас рэчы, напрыклад: тое, што цяпер за інтэрв'ю незалежным СМІ ці за сувязь з фондамі пагражае да некалькі гадоў калоніі, што за падпіскі ў інстаграме могуць арыштаваць на 15 сутак, пра тое, што трэба быць асцярожным у камунікацыі з іншымі людзьмі, асабліва незнаёмымі, што трэба быць стрыманым у публічных выказваннях і памятаць пра лічбавую гігіену: чысціць перапіскі і гісторыі.
Нагадваем, што існуе шмат ініцыятываў па дапамозе палітзняволеным, куды можна звярнуцца па кансультацыю. Не саромейцеся задаваць самыя розныя пытанні. Таксама перад сустрэчай з блізкім чалавекам можна пракансультавацца з псіхолагам, а потым дапамагчы арганізаваць для самога палітвязня псіхалагічную дапамогу".
Псіхалагічная дапамога: Цяжкасці адаптацыі палітвязняў і спосабы ім дапамагчы