Каталіцкаму святару з Расонаў Вячаславу Барку прысудзілі 10 сутак арышту паводле адміністрацыйнага артыкулу 17.10 (прапаганда нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі). Адбываць пакаранне будзе ў Наваполацку. Каб падтрымаць святара, на суд у Расоны прыязджаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, паведамляе TUT.BY, спасылаючыся на сяброў ксяндза Барка ў сацсетках.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 3 снежня агучылі прысуд у дачыненні 33-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Кірыленкі. Яго вінавацілі ва ўчыненні гвалту да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК) падчас вулічнага шэсця 6 верасня. Суддзя Іна Грабоўская прызнала мужчыну вінаватым і пастанавіла пакараць пазбаўленнем волі на два з паловай гады.

2 снежня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску, разгледзеўшы крымінальную справу ў дачыненні да 46-гадовага Андрэя Цімафеенкі, прызнаў яго вінаватым у гвалце і пагрозе гвалтам у дачыненні да службовай асобы. На падставе ч.1 арт. 366 КК суддзя Сняжана Кіндзеева прызначыла яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

1 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску скончыўся разгляд крымінальнай справы паводле ч.1 арт. 366 КК. Пракурор папрасіў для віцябляніна Андрэя Цімафеенкі, абвінавачанага ў гвалце ў дачыненні да службовай асобы, 5 гадоў пазбаўлення волі. Суддзя Сняжана Кіндзеева мусіць вынесці прысуд 2 снежня.

30 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 33-гадовага праграміста Аляксандара Кірыленкі. Яму інкрымінуюць дзеянні паводле арт. 364 КК (Гвалт або пагроза ўчынення гвалту да супрацоўніка МУС). Максімум, які прадугледжвае артыкул, – 6 гадоў пазбаўлення волі. Справу разбірае суддзя Іна Грабоўская.

27 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прыступіў да разгляду адкладзенай 24 лістапада крымінальнай справы ў дачыненні да віцябляніна Андрэя Цімафеенкі. 46-гадовага мужчыну вінавацяць у гвалце да супрацоўніка МУС падчас «Маршу еднасці» 6 верасня (ч.1 арт. 366 КК).

27 лістапада прайшлі суды над актывістамі, затрыманымі падчас вечаровага маршу ў віцебскім раёне ДСК. Падчас «хапуна» 24 лістапада затрымалі 7 віцяблян, трое сутак да судоў яны правялі ў СІЗА-2. Суд Першамайскага раёну пакараў 18-гадовую Сафію Цярэнцьеву арыштам на 7 сутак. Астатнія актывісты 27 лістапада былі вызваленыя: траіх аштрафавалі, траім перанеслі разгляд на іншыя дні.

Тры паседжанні спатрэбілася суду Кастрычніцкага раёну Віцебску, каб разабрацца ў акалічнасцях адміністрацыйнай справы ў дачыненні да віцяблянкі Таццяны Філімонавай. Яе вінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. 27 лістапада у сувязі з недаказанасцю яе вінаватасці суддзя Царыкаў справу спыніў.

26 лістапада з калоніі «Віцьба-3» выйшаў на волю беларускі добраахвотнік антытэрарыстычнай аперацыі (АТА) ва Ўкраіне і ўдзельнік «Правага сектару» Тарас Аватараў. У зняволенні ён правёў 5 гадоў. На такі тэрмін быў асуджаны ў 2016 годзе за незаконны абарот зброі ды боепрыпасаў і за кантрабанду (ч.2 арт. 295 КК і ч.2 арт. 228 КК).

25 лістапада суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні пенсіянеркі Тамары Ільіной. Суд прызнаў 64-гадовую жанчыну вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні – менавіта так міліцыя і суд расцанілі акцыю памяці Рамана Бандарэнкі каля мемарыялу «Боль» у Віцебску.