Таццяну Філімонаву абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным шэсці 25 кастрычніка (ч.3 арт. 23.34 КаАП). На адзнятым у той дзень аператыўнікамі відэа сярод удзельнікаў акцыі супрацоўнікі Першамайскага РАУС Уладзімір Казлоўскі і Вадзім Склімянок апазналі спадарыню Таццяну. Сама яна на прадэманстраваных у судзе кадрах сябе не пазнала.
У якасці сведкі выступаў маёр міліцыі Склімянок. Ён заявіў, што апазнаў Філімонаву нават на раздрукаваных чорна-белых скрыншотах. Патлумачыў, што ідэнтыфікаваў жанчыну па колеры валасоў, вопратцы, абрысам фігуры, форме твару ды разрэзу вачэй.
У сваю чаргу Таццяна Філімонава задала Склімянку некалькі пытанняў, датычных адметнасцяў яе фігуры, твару і вачэй. На большасць з іх адказу абвінавачаная не атрымала.
Таццяна Філімонава нагадала суду выпадак, калі «выдатная зрокавая памяць» маёра Склімянка ўжо аднойчы падводзіла яго. На відэа і скрыншотах ён пераблытаў блогерку Алену Янушкоўскую з праваабаронцай Ірынай Траццяковай. Справа дайшла да суду, Траццякову аштрафавалі на 20 базавых велічынь, але абласны суд справу адмяніў. Пасля гэтага суддзя запатрабаваў выклікаць у суд Уладзіміра Казлоўскага, які складаў пратакол.
На трэцяе паседжанне ні Казлоўскі, ні Склімянок не з’явіліся. Уладзіміра Казлоўскага апыталі праз скайп. Той паведаміў, што разам з маёрам Склімянком апазнаў на відэа Філімонаву. У тым, што гэта менавіта яна, Казлоўскі не сумняецца. Разам з тым, як і Склімянок, ён не назваў аніводнай адметнасці аблічча Філімонавай. Між тым, такія адметнасці маюцца. І, як адзначыла спадарыня Таццяна, іх заўважае кожны, хто яе ведае.
Суддзя Уладзімір Царыкаў, выслухаўшы аргументы бакоў, выказаў пазіцыю суду. У прыватнасці, ён адзначыў, што, згодна з патрабаваннямі працэсуальнага закону, вінаватасць асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, мусіць быць устаноўленая з матэрыялаў справы. А яны, па-першае, абвяргаюць актыўны ўдзел у вулічным шэсці асобы, апазнанай супрацоўнікамі МУС як Філімонава. Па-другое, на відэа суд налічыў ня менш за пяць асобаў, падобных па апісанні да Філімонавай – апранутых у чорную куртку з капюшонам і джынсы, з чорнай антыбактэрыяльнай маскай на твары.
З улікам гэтага ў суду ўзніклі абгрунтаваныя сумненні ў тым, што на скрыншотах і відэа насамрэч фігуруе Таццяна Філімонава.
Паколькі высновы суду не могуць базавацца на здагадках і з улікам адсутнасці ў матэрыялах справы непасрэдных доказаў удзелу Філімонавай 25 кастрычніка ў масавым мерапрыемстве, суд палічыў яе віну ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння не даказанай. Сыходзячы з гэтага, суддзя Уладзімір Царыкаў пастанавіў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП у дачыненні да Філімонавай спыніць – у сувязі з недаказанасцю яе вінаватасці.
С. Горкі