14.06.2024 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14 чэрвеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Папаўненне ў спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў
Суд Мядзельскага раёну 12 чэрвеня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» адразу 10 відэаролікаў блогера «FreshMeatOMG». Сярод іх і ролік "В Беларуси мужчину задержали за видео о плохих дорогах" — адзначым, што такі выпадак сапраўды быў, відэа пра гэта апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі:
Telegram-каналы і чаты «Медики.Гродно», «Роспартизан»;
YouTube-канал «Инициатива Курорта Нарочь»;
Старонкі ў сацсетках праекту «Media IQ»;
Кнігі «Монографии Виктора Суворова (В.Б. Резуна): День "М". Когда началась Вторая Мировая война?», «Ледокол. Кто начал Вторую Мировую войну?»;
TikTok-старонкі «Чарадзей», «Kaniušeŭski», «zmahar_», «Belarus».
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 20 чалавек — цяпер у ім 4154 прозвішчы
14 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі палітычнага актывіста і сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Разам» Івана Краўцова, а таксама асуджанага за данаты Аляксандра Верасовіча.
Сілавікі затрымалі беларуса, які “пісаў пагрозы” міліцыянтам і суддзям
У міліцэйскім відэа мужчына кажа, што зарэгістраваўся ў плане “Перамога”. Праўладны канал "Кніга Гу "База" апублікаваў відэа пра затрыманне беларуса, які "зарэгістраваўся ў плане “Перамога” і пакідаў каментары ў тэлеграм-чатах.
У роліку паказваюць скрыншоты паведамленняў ад карыстальніка Restvrt77. У якіх чатах яны былі напісаныя, не ўдакладняецца.
Крыніца: Папаўненні ў спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў, новыя затрыманні: хроніка пераследу 14 чэрвеня