13.06.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, заявы Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
13 чэрвеня 2024 года
3 чэрвеня 2024 года Брэсцкі абласны суд прыгаварыў журналістку Алену Цімашчук да 5 гадоў пазбаўлення волі і прызначыў штраф памерам у 46 000 беларускіх рублёў. Суд прызнаў журналістку вінаватай поводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (артыкул 369–1 КК), распальванне варожасці ці варажнечы (частка 3 артыкула 130 КК), удзел ў экстрэмісцкім фарміраванні (частка 3 артыкула 361–1 КК).
Алена Цімашчук – журналістка абласной тэлерадыёкампаніі «Брэст», якая раней у якасці фрылансера супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», інтэрнэт-выданнем «Виртуальный Брест», а таксама «Брестским зелёным порталом».
Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да Алены Цімашчукз’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.
Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Алены Цімашчук з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару ix публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.
На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Алены Цімашчук палітычнай зняволенай і патрабуем:
- неадкладнага вызвалення Алены Цімашчук і спынення ў дачыненні да яе крымінальнага пераследу;
- адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;
- неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Human Constanta;
Lawtrend.
Крыніца: Заява аб прызнанні палітзняволенай журналісткі Алены Цімашчук