Субота, 25 Май 2024

На журналіста Змітра Лупача завялі яшчэ адну крымінальную справу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра гэта паведаміў Глыбоцкі раённы аддзел Следчага камітэта праз сайт раённай газеты “Веснік Глыбоччыны”. Паводле СК, ён падазраецца ў садзейнічанні экстрэмісцкаму фармаванню «Белсат».

Журналісту інкрымінуюць ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), дзеянне паўторна, што прадугледжвае адказнасць па ч. 2 арт. 361 згаданага кодэкса (Прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў са штрафам).

Сілавікі  вінавацяць журналіста ў тым, што ён выкарыстоўваючы ў якасці сродку ўчынення злачынства неўстаноўленыя прылады, якія дазваляюць рабіць відэаздымку і ажыццяўляць доступ у глабальную камп'ютарную сетку Інтэрнэт, не пазней за 08.05.2024 (дакладныя гадзіны, дата імі не ўстаноўлены), знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы, падрыхтаваў для публічнага інтэрнэт-рэсурсу "Белсат" відэазапіс пад назвай "У новым выпуску "Фельетонаў Лупача" - гісторыя фенаменальнага бізнес-поспеху Глыбоцкага камбікормавага завода".

 Як паведамляе Следчы камітэт, у выніку аказанага Змітром Лупачам садзейнічання, экстрэмісцкае фармаванне «Белсат» 8 траўня гэтага года размясціла ўказаны відэаролік у публічным доступе ў Тэлеграм-канале з назвай «Белсат», інфармацыйная прадукцыя якога рашэннем суда Чыгуначнага раёна г. Гомель 27.07.2021 прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Вядома што на журналіста раней таксама была заведзеная крымінальная справа ў межах арт. 361-4 КК («Вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а роўна іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). На гэтай падставе яго аб’явілі ў вышук і вывесілі пра гэта абвестку на міліцэйскіх стэндах у Глыбокім.

 Нагадаем, журналіст Зміцер Лупач балатуецца зараз на выбарах у Каардынацыйную раду ад спісу “Салідарнасць”. Вядома, што за гэта на ўсіх кандыдатаў сілавікі завялі крымінальныя справы. Як вынікае – і на Змітра Лупача таксама.

Ульяна Шумская