Два гады прэвентыўнага нагляду
Адразу па вызваленні 33-гадовы навапалачанін Тарас Аватараў паведаміў, што суд, які адбыўся 29 кастрычніка 2020 году на тэрыторыі калоніі, прысудзіў яму два гады прэвентыўнага нагляду і бестэрміновае прафілактычнае назіранне. Акурат гэтага прасіла ў суду адміністрацыя калоніі, бо Аватараў значыўся ў яе спісах як чалавек, «схільны да экстрэмісцкай і дэструктыўнай дзейнасці».
Аватараў сцвярджае, што падчас працэсу ў калоніі яму не далі права скарыстацца адвакатам, больш за тое – ужылі супраць яго меры фізічнага ўздзеяння. Гэта адбылося пасля таго, як Аватараў заявіў хадайніцтва па-беларуску. Пасля суду Тарас быў змешчаны ў ШІЗА.
Былы зняволены лічыць пастанову суду незаконнай і збіраецца падаваць наглядную скаргу ў абласны суд. «Прысуджаны мне прэвентыўны нагляд – па сутнасці, тая ж хатняя хімія. І несвабода», – кажа Тарас Аватараў.
Заява Аватарава
Былы зняволены таксама зрабіў заяву на выпадак свайго затрымання.
«Сёння, 26 лістапада 2020 году, адбыўшы больш за 5 гадоў зняволення ў Рэспубліцы Беларусь за злачынства, якое я нібыта ўчыніў і якое не з'яўляецца злачынствам паводле міжнароднага заканадаўства і заканадаўства Ўкраіны, хачу заявіць наступнае. Калі выканаўчыя ўлады Беларусі будуць рабіць у далейшым спробы затрымліваць мяне, утрымліваць незаконнымі метадамі або дастаўляць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь – да іх будуць ужытыя санкцыі арт. 136 п.15 КК РБ (неабгрунтаваная затрымка рэпатрыяцыі ваеннапалонных і грамадзянскіх асобаў), якія прадугледжваюць да 20 гадоў пазбаўлення волі. Адпаведна, гэтыя дзеянні будуць прывязаныя да арт 135 ч.1, арт. 135 ч.2 і 135 ч.3. А таксама – арт. 137 ч.1 і ч.2 – адданне злачыннага загаду, напрыклад «палонных не браць» ці «жывымі не браць», які ўжо агучыў адзін грамадзянін у гэтай краіне, а таксама выкананне гэтага загаду», – заявіў Тарас Аватараў.
Былы ўдзельнік АТА называў сябе пасля затрымання ў Менску ў 2015 годзе ваеннапалонным.
Падазрае, што хворы на COVID-19
Аватараў паведаміў таксама, што, хутчэй за ўсё, хварэе на COVID-19. Прычым сімптомы хваробы ў яго зʼявіліся пасля таго, як зняволеным ПК №3 зрабілі прышчэпкі расейскай вакцыны. Выніку тэсту на каронавірус, які яму рабілі ў калоніі, Аватараў пакуль не ведае. Кажа, што, акрамя яго, увосень у калоніі ніхто не захварэў. Шмат хворых на тэрыторыі папраўчай установы было вясной.
Жыхар Наваполацку Тарас Аватараў быў затрыманы ў лістападзе 2015 году на чыгуначным вакзале ў Менску. У мужчыны знайшлі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове аскепкавай гранаты. Ён быў абвінавачаны ў незаконным абароце (ч. 2 арт. 295 КК) і кантрабандзе выбуховага рэчыва (ч. 2 арт. 228 КК). Віну прызнаў толькі па 295-м артыкуле. У траўні 2016-га быў асуджаны на 5 гадоў зняволення. Тэрмін адбываў у віцебскай калоніі «Віцьба-3».
Раней маці Тараса Аватарава, якая праводзіла ўласнае расследаванне, выказвала здагадку, што яе сын стаў ахвярай сумеснай аперацыі расейскіх і беларускіх спецслужб.
Зміцер Міраш