Вячаслава Целіцына, які 1 снежня далучыўся да агульнанацыянальнай забастоўкі, звальняюць з працы за прагулы без уважных прычын. Загад аб звальненні 7 снежня падпісала выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара прадпрыемства «Віцебскія дываны» Шчукіна. На «Віцебскіх дыванах» Целіцын працаваў аператарам.

Суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў 9 снежня адміністрацыйныя справы ў дачыненні каталіцкіх святароў Аляксея Варанко і Віктара Жука, затрыманых напярэдадні каля ГЦ «Грын» і змешчаных да суду ў ізалятар часовага ўтрымання. Праз недастатковасць звестак у матэрыялах справы суд адправіў іх на дапрацоўку ў міліцыю. Святары на волі.

9 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску завяршыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 39-гадовага віцябляніна Алега Яфрэменкі. Суд прызнаў яго вінаватым у злачынстве паводле артыкулу 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»).

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 9 снежня пачаў разглядаць крымінальную справу віцебскага мастака Уладзіслава Макавецкага, абвінавачанага ў злачынстве паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Віцябляніну пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

У Віцебску 8 снежня былі затрыманыя грэка-каталіцкі святар Аляксей Варанко і пробашч парафіі святога Уладзіслава ксёндз Віктар Жук. Да суду іх змясцілі ў СІЗА-2. Пра затрыманні паведаміла жонка Аляксея Варанко.

3-га снежня ў судзе Расонскага раёну пробашча мясцовай парафіі ксяндза Вячаслава Барка асудзілі да 10 сутак арышту. Святара прызналі вінаватым у правапарушэнні паводле артыкулу 17.10 КаАП («Прапаганда або публічная дэманстраванне і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі»). Вячаслаў Барок адбывае пакаранне ў СІЗА-2 Віцебску, перадае Беларускае Радыё Рацыя.

7 снежня ў судзе Першамайскага раёну Віцебску пачаўся крымінальны працэс над 29-гадовым віцяблянінам Алегам Яфрэменкам. Яго вінавацяць ва ўчыненні гвалту да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК) падчас вулічнага шэсця 13 верасня, калі адбыліся сутыкненні пратэстоўцаў з міліцыяй. Яфрэменку затрымалі ў той жа дзень.

Віцяблянка Ала Рошчынская 13 лістапада прыйшла да катэдральнага касцёлу Езуса Міласэрнага ў Віцебску, каб памаліцца за супакой душы забітага Рамана Бандарэнкі. Усклала кветкі да крыжу, запаліла лампадку, разам з іншымі стала ў ланцуг памяці. 7 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску пакараў яе за гэта 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Жанчыну затрымалі адразу па сканчэнні працэсу.

У судзе Полацку 3 снежня аштрафавалі на 25 базавых велічынь жыхарку гораду Нэлі Алфёраву. Міліцыянты абвінавацілі жанчыну ў непадпарадкаванні супрацоўнікам МУС і іх абразе (арт. 23.4 і 23.5 КаАП) у дзень афіцыйнага адкрыцця адрамантаванага моста ў Полацку 6 лістапада. Па сведчаннях аднаго з відавочцаў, жанчыну затрымлівалі жорстка.

3 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да выхавацелькі Ганны Пашкевіч. За наўмысную абразу супрацоўніка МУС Мікалая Марозава (арт. 9.3 КаАП) суд аштрафаваў жанчыну на 5 базавых велічыняў. Рашэнне аб пакаранні прымаў суддзя Міхаіл Юрчанка.