Пятніца, 04 Снежань 2020

У Полацку на 675 рублёў аштрафавалі маці, якая выхоўвае дзіця з інваліднасцю

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Падчас працэсу Падчас працэсу

У судзе Полацку 3 снежня аштрафавалі на 25 базавых велічынь жыхарку гораду Нэлі Алфёраву. Міліцыянты абвінавацілі жанчыну ў непадпарадкаванні супрацоўнікам МУС і іх абразе (арт. 23.4 і 23.5 КаАП) у дзень афіцыйнага адкрыцця адрамантаванага моста ў Полацку 6 лістапада. Па сведчаннях аднаго з відавочцаў, жанчыну затрымлівалі жорстка.

Нэлі Алфёрава – полацкая грамадская актывістка. У 2019 годзе спрабавала ўдзельнічаць у выбарах дэпутатаў ПП НС. У 2020 годзе была назіральнікам на выбарах прэзідэнта. Адна выхоўвае дзіця, якое мае інваліднасць.

6 лістапада мясцовыя ўлады праводзілі мітынг з нагоды адкрыцця адрамантаванага моста і вельмі баяліся правакацыяў. Супрацоўнікі міліцыі былі ў стане «боегатоўнасці» і папярэджвалі мясцовых актывістаў аб недапушчэнні правакацыяў.

Двое супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі Алфёраву, былі ў цывільнай вопратцы і прыехалі да яе дому на машыне без знакаў прыналежнасці да МУС. Як сказала Нэлі, яны не назваліся і былі падобныя «да падазроных грамадзян бандыцкага выгляду». Калі адзін з іх пачаў задаваць ёй пытанні на вуліцы, яна праігнаравала іх і не спынілася, бо спяшалася ў краму. Калі жанчыну сталі гвалтам зацягваць у машыну, яна супраціўлялася і клікала на дапамогу.

Алфёраву завезлі ў РАУС каля 11:00 і пратрымалі там пяць гадзін – да 16:00. У гэты час адна ўдома заставалася дзіця-інвалід, якому патрабуецца пастаянны нагляд.

На палачанку склалі два пратаколы – за непадпарадкаванне міліцыі і за абразу службовай асобы.

Справу Нэлі Алфёравай разглядала суддзя Наталля Санковіч, якая, прыкрываючыся пандэміяй, не пусціла на судовае паседжанне частку грамадзян, і выганяла слухачоў з залы нават за перашэптванне. Супрацоўнікі міліцыі прысутнічалі на судзе як пацярпелыя. Між тым, сінякі пасля таго затрымання засталіся на целе кволай жанчыны. Такія абставіны змушалі міліцыянтаў прасіць суддзю аб мінімальным пакаранні ў дачыненні да Алфёравай.

Суддзя вынесла рашэнне аштрафаваць Нэлі Алфёраву на 2 базавыя велічыні за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і аж на 23 базавыя – за абразу службовых асобаў (арт. 23.5 КаАП).

Аляксандр Марозаў