На 39-гадовага жыхара абласного цэнтру выйшлі аператыўнікі ГУБАЗіК. На думку супрацоўнікаў гэтага ведамства, мужчына цягам году публікаваў у телеграм-чатах абразлівыя каментары на адрас праваахоўнікаў і вайскоўцаў, пры гэтым, маўляў, ні з кім з іх не быў знаёмы. Праваабаронцы просяць адгукнуцца сваякоў затрыманага ці тых, хто ведае, як з імі звязацца.

Былога палітвязня Сяргея Каваленку, які ў 2010 годзе вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на каляднай ялінцы ў цэнтры Віцебску, цяпер абвінавачваюць у знявазе дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК РБ). Пра гэта паведаміла былая жонка актывіста Алена Каваленка. Артыкул прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі. Аднак ужо больш за два гады Сяргей Каваленка жыве і працуе на тэрыторыі іншай краіны.

Праваабаронца Павел Левінаў 7 кастрычніка звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь з заявай аб абвяшчэнні ў вышук асуджанага да вышэйшай меры пакарання Віктара Паўлава. Па даверанасці блізкай сваячкі, праваабаронца абараняе інтарэсы асуджанага да расстрэлу ў Камітэце ААН па правах чалавека. Павел Левінаў мяркуе, што прысуджаны да расстрэлу мог знікнуць без вестак.

Віцебскі прадпрымальнік Уладзімір Пунько быў асуджаны на 20 сутак адміністрацыйнага арышту за бел-чырвона-белую сурвэтку, якую на панэлі ягонага аўто заўважыў супрацоўнік міліцыі. Суд Чыгуначнага раёну Віцебску палічыў гэта несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. 5 кастрычніка мужчына выйшаў на волю і праз два дні звязаўся з рэдакцыяй «ВВ», каб распавесці пра сваё зняволенне.

Пасля вынясення прысуду Зміцер Фурманаў быў пераведзены ў калонію №3, што у пасёлку Віцьба (Віцебскі раён), але так і не з'явіўся ў атрадзе. Палітвязень прыбыў у калонію яшчэ ў жніўні і пасля каранціну быў адразу кінуты ў ШІЗА, дзе з невядомых прычынаў знаходзіцца да гэтай пары - больш за 35 дзён.

Праваабаронцы прызналі 53-гадовага віцябляніна Антона Сомава, затрыманага ў Віцебску 30 верасня, палітычным зняволеным. Яго затрымалі ў межах крымінальнай справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і праграміста Андрэя Зельцара. Зараз Антон Сомаў знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна ў Менску. Кадры яго затрымання з'явіліся на канале «Жулики Беларуси».

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 6 кастрычніка прызнаў чарговы інтэрнэт-рэсурс «экстрэмісцкімі матэрыяламі». На гэты раз – тэлеграм-чат «Глубокое для жизни!». Рашэнне прымала суддзя Святлана Варатынская. Прычым спачатку яна называла рэсурс «тэлеграм-групай», а потым – «тэлеграм-каналам». Суполка «Глыбокае для жыцця» у «Тэлеграме» мае 1129 удзельнікаў.

6 кастрычніка Віцебскі абласны суд разгледзеў дзве скаргі і пратэст пракурора на рашэнне суду гораду Наваполацку ў справах Вадзіма Міхайлава і Юліі Маліноўскай. Прафсаюзны лідар «Нафтану» Вадзім Міхайлаў быў аштрафаваны наваполацкім судом (ч. 1 арт. 24.23) на 100 базавых велічынь. Віцебскі аблсуд адмяніў гэтую пастанову і накіраваў справу на новы разгляд. Рашэнне ў справе Юліі Маліноўскай, якую аштрафавалі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт. 19.11), пакінулі без зменаў, а скаргу – без задавальнення.

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 5 кастрычніка агучыў рашэнне ў справе актывістаў «Краіны для жыцця» Алега Баразны і Аляксандра Мацеюка, абвінавачаных паводле арт. 328 КК («Незаконны абарот наркатычных сродкаў») і паводле ч. 2 арт. 332 КК (Мацяюк) – «Арганізацыя альбо ўтрыманне прытонаў для ўжывання наркотыкаў». Суд прызнаў мужчын вінаватымі і пакараў Баразну – на 2 гады і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму, Мацеюка – на 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У судзе Першамайскага раёну Віцебску 4 кастрычніка разгледзелі скаргу праваабаронцы Паўла Левінава на пастанову мясцовага ўчастковага інспектара аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы ў сувязі з замахам на жыццё. Левінаў прасіў скасаваць пастанову і прызначыць дадатковыя праверкі. Ён мяркуе, што супрацоўнікі міліцыі працавалі кепска і не захацелі расследаваць факт замаху на ягонае жыццё. Суддзя Наталля Карабліна і пракурор Вольга Мірошнікава падтрымалі довады праваабаронцы.