Вадзім Міхайлаў быў прызнаны вінаватым у арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства – пікетаванні. Менавіта так трактавала суддзя невялікую налепку на багажніку аўтамабіля навапалачаніна, якую ўбачылі супрацоўнікі міліцыі.
Пачаткова, 6 верасня, суд гораду Наваполацку аштрафаваў за гэта Міхайлава на 100 базавых велічынь. Але пракурору такое пакаранне падалося занадта лагодным. Ён падаў пратэст у абласны суд, патлумачыўшы, што «правапарушэнне мела працяглы характар», таму справу трэба накіраваць на новы разгляд. 6 кастрычніка суддзя абласнога суду Святлана Іванова адмяніла рашэнне аб штрафе і адправіла справу на новы разбор.
Суд у Наваполацку адбыўся 20 кастрычніка. Гэтым разам Вадзіму Міхайлаву прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
У сваёй скарзе Міхайлаў зазначыў, што з пастановай суддзі аб накладанні такога спагнання не згодны. Лічыць, што высновы суду не адпавядаюць фактычным абставінам справы, што самі абставіны справы даследаваныя няпоўна, аднабакова і неаб'ектыўна. Выказаў меркаванне, што высновы аб ягонай вінаватасці заснаваныя выключна на здагадках. Прасіў адмяніць пастанову і спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Агучыўшы скаргу, суддзя Ірына Смалякова без якой-небудзь замінкі прыняла рашэнне: «Пастанову суддзі суду гораду Наваполацку ад 20 кастрычніка 2021 году ў дачыненні Міхайлава пакінуць без зменаў, а ягоную скаргу – без задавальнення».
Таксама 29 кастрычніка ў Віцебскім абласным судзе разглядаліся пратэст намесніка пракурора Віцебску і прыватная скарга музыкі Ігара Банцэра на пастанову суду Чыгуначнага раёну аб змяненні «хіміі» на адбыванне пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Вынікі гэтага паседжання ўдакладняем.
Уладзімір Бяляўскі