Камеры відэаназірання захавалі паядынак з дзвярыма каля 7.30 нядзельнай раніцы. 24-гадовы віцяблянін, вяртаючыся з начнога клубу, не дайшоў да свайго дому літаральна з дзясятак метраў. Праходзячы міма ўваходных дзвярэй міліцэйскага будынку, ён з нейкіх прычын вырашыў уступіць з ёй у сутычку.
Пасля адпрацоўкі трох-чатырох удараў нагамі жыхар абласнога цэнтру ўсё ж рушыў дадому. На думку міліцэйскага начальства, нападнік прычыніў маёмасную шкоду будынку. Праўда, суму шкоды міліцыянты пакуль не называюць.
Як стала вядома, следства спрабуе даць прававую ацэнку гэтаму кур'ёзнаму выпадку. Распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Хуліганства»).
Міхась Пісараў