У Мінскім гарадскім судзе пачынаюцца слуханні па справе супрацоўніцы «Вясны» Марфы Рабковай і валанцёра арганізацыі Андрэя Чапюка. Абвінавачванні ў дачыненні да іх палітычна матываваныя, палітвязням пагражае да 20 гадоў і 8 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Судовыя разгляды адбываюцца напярэдадні 26-й гадавіны заснавання праваабарончага цэнтру, ва ўмовах надзвычай жорсткіх рэпрэсій у Беларусі. Арганізацыі, што падпісалі зварот, яшчэ раз заяўляюць пра поўную падтрымку «Вясны» і заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх яе сябраў, а таксама ўсіх адвольна зняволеных у беларускіх турмах праваабаронцаў.

У судзе Віцебскага раёну 25 красавіка распачаўся разбор крымінальнай справы, ініцыяванай супраць чатырох жыхароў Віцебску – Ірыны Пярцовай, Арцёма Латышава, Кацярыны Макарэвіч і Юліі Лабуновай. Іх абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.2 арт. 339 (злоснае хуліганства), ч.1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 341 (псаванне маёмасці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства). Усе чацвёра віцяблянаў былі затрыманыя ў верасні 2021 года, 7 месяцаў у чаканні суду яны правялі ў Віцебскім СІЗА. У лістападзе 2021 году праваабарончая супольнасць прызнала іх палітвязнямі.

Юнькаўскі сельвыканкам (Пастаўскі раён) абвясціў збор сродкаў на фарбу для плоту і новую браму на могілках. Супрацоўнікі сельвыканкаму абвясцілі сход грамадскасці 1 траўня – з разлікам на тое, што жыхары Юнькаў напярэдадні Радаўніцы прыйдуць прыбіраць пахаванні сваіх родных.

Кароткі відэакурс па правах чалавека пад назвай “Ведай і барані свае правы”, створаны камандай аднадумцаў і экспертаў, з’явіўся нядаўна на ютуб-канале “pravybarani”.

26 красавіка — гэта не толькі дзень гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, але і дзень заснавання Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Набор з 10-ці паштовак называецца « У сэрцы Беларусь». Гэта графічныя выявы храмаў – помнікаў архітэктуры. Сярод іх – віцебскія цэрквы Дабравешчання і Уваскрасення Хрыстова, а таксама глыбоцкія Траецкі касцёл і царквы Раства Багародзіцы. Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, палітвязень Павел Севярынец даслаў гэтыя малюнкі ў сваіх лістах са Шклоўскай калоніі. А на волі ягоная жонка Вольга вырашыла зрабіць з іх паштоўкі.

49-гадовы Сяргей Канавалаў быў затрыманы 6 сакавіка за тое, што, «паддаўшыся заклікам дэструктыўных тэлеграм-каналаў», рыхтаваўся да грамадска-небяспечных дзеянняў, накіраваных на дэзарганізацыю функцыянавання чыгуначнага транспарту. У прыватнасці, планаваў парушыць працу сістэм, адказных за бяспеку чыгуначнага руху. Дзеянні жыхара Віцебску кваліфікаваны як падрыхтоўка да акту тэрарызму, распачата крымінальная справа.

Ігар Банцар па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна заплаціць 81 рубель 66 капеек папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 Віцебска і 64 рублі дзяржпошліны. Ігар настойваў, што яму няма за што плаціць. У спецінтэрнаце ВУАТ ён не знаходзіўся - яго рэгулярна адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Але суддзя Вольга Шуманская прыняла рашэнне не на карысць былога палітвязня. 

У Віцебскім абласным судзе яшчэ ў лютым да 7,5 гадоў калоніі асудзілі 52-гадовага жыхара Полацку Анатоля Мацулевіча. За стварэнне і адміністраванне тэлеграм-канала «Полоцк Новополоцк Страна Для Жизни Чат Свободу Сергею Тихановскому» яго абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 293 (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках). Мужчына пад вартай утрымліваецца ўжо дзесяць месяцаў. Справу ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Яўген Буруноў.

Ураджэнец Віцебска Віталь Броўка пераехаў ва Украіну з-за пераследу ўладаў і немагчымасці больш працаваць у Беларусі. У мінулым снежні ў Кіеве ён адкрыў беларускі арт-паб. Пра гэта піша DW.